Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя "зьбірае аўтографы" актывістаў. Бяз выніку


У Гомелі міліцыя распачала вечаровыя абыходы кватэраў апазыцыйных палітыкаў і дэмакратычных актывістаў.


Міліцыянты патрабуюць падпісаць абавязацельства ня ўдзельнічаць у вулічных акцыях да Дня Волі.

Распавядае сябра Хрысьціянска-кансэрватыўнай партыі БНФ Уладзімер Шыцікаў:

“Учора пасьля 23 гадзін, калі я ўжо спаў, мяне разбудзіла жонка. Сказала, што да мяне прыйшоў участковы. Я выйшаў са спальні. Старшы лейтэнант міліцыі патрабаваў, каб я даў падпіску, што ня буду ўдзельнічаць у палітычных акцыях. Я яго выгнаў, параіўшы ўзяць Канстытуцыю і хаця б патрымаць яе ў руках, пачытаць, што там напісана.

Гэта ўжо кепская традыцыя, што перад Днём Волі мяне затрымліваюць – то я нібыта лаюся матам, то друкую 10-тысячныя беларускія купюры. Карацей, учыняюць усе магчымыя правакацыі, саджаюць за краты, каб ня браў удзелу ў акцыях апазыцыі”.

Наведваліся міліцыянты і на кватэру рэгіянальнага каардынатара стваранай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада Юрася Захаранкі:

“Да мяне таксама прыходзілі міліцыянты з Савецкага райаддзелу міліцыі. Пагражалі адміністрацыйнай адказнасьцю, патрабавалі падпісаць абавязацельства, што я нікуды не пайду на Дзень Волі. Я лічу, што міліцыя такімі дзеяньнямі спрабуе стрымаць незадаволенасьць у грамадзтве пануючым рэжымам”.

Двое міліцыянтаў прыходзілі вечарам дамоў і да старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Андрэя Толчына. Таксама патрабавалі падпісацца, што ён ня будзе удзельнічаць у несанкцыянаваных масавых акцыях.

Гаворыць спадар Толчын:

“Мяне гэта вельмі зьдзівіла, і я запытаўся, на якой падставе яны гэта робяць. Не пытаюць, напрыклад, у суседа. Адказу міліцыянты на гэта не далі. Тады я запытаўся: “Скажыце, калі ласка, а хто даў такі загад – ён парушае маё канстытуцыйнае права?”. Мне адказалі: “Гэта таямніца”. Але гэта яшчэ і пацьверджаньне таго, што ў нас насуперак закону вядзецца палітычны сыск. Я маю іншыя погляды на разьвіцьцё грамадзтва. Дзяржава за мной сочыць, іншадумства перасьледуецца”, – сказаў з нагоды вечаровых візытаў міліцыі да актывістаў сябра АГП Андрэй Толчын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG