Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка незадаволены працай сілавікоў?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 19-га сакавіка. Удзельнікі: падпалкоўнік запасу КДБ Валеры Костка і праваабаронца, былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак.


18 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па пытаньні ўмацаваньня абароназдольнасьці, правапарадку і бясьпекі краіны. Навошта кіраўніку дзяржавы спатрэбілася гэтае мерапрыемства? Чаму не дае выніку барацьба з карупцыяй? Які мэсыдж Лукашэнка дасылае грамадзтву?

Чаму спатрэбілася надзвычайная нарада?

Валер Карбалевіч: “Вядома, што Лукашэнка заўсёды надаваў вялікае значэньне сілавым структурам. І нарады, прысьвечаныя працы гэтых органаў, адбываюцца ці не часьцей, чым нарады, якія абмяркоўваюць працу эканамічных ведамстваў. Чым выкліканая нарада 18 сакавіка, якая насіла характар надзвычайнасьці? Кіраўнік дзяржавы тлумачыў неабходнасьць узмацненьня ролі сілавых структур вонкавымі чыньнікамі, моцным ціскам з боку ЗША, дзейнасьцю НАТО. А ў чым насамрэч прычына гэтай нарады, што стаіць за ёй?”

Валеры Костка: “Гэта дэманстрацыя і мабілізацыя сілавых структур. Але ўзьнікае пытаньне: навошта гэта, калі, як казаў Лукашэнка, у нас усё ціха, спакойна? Мусіць, гэта зацішша напярэдадні навальніцы.

Бо вясной у Беларусі адбываецца самае вострае палітычнае супрацьстаяньне апазыцыі і ўлады. Але цяпер палітычная сытуацыя мае свае асаблівасьці. Па-першае, палітычная вясна пяройдзе ў перадвыбарчую барацьбу, якая будзе працягвацца з траўня па верасень. Па-другое, сёлета дэмакратычная грамадзкасьць будзе сьвяткаваць юбілей: 90 гадоў БНР. Па-трэцяе, улады апошнім часам прынялі шэраг памылковых рашэньняў, якія пагоршылі жыцьцёвы стан цэлых сацыяльных груп: прадпрымальнікаў, пэнсіянэраў, “аўганцаў” і інш.

Гледзячы па ўсім, Беларусь увайшла ў сыстэмны крызыс у эканоміцы, унутранай і замежнай палітыцы, сыстэме кіраваньня. Усе гэтыя чыньнікі і прымушаюць кіраўніка дзяржавы мабілізаваць сілавыя структуры дзеля ўтрыманьня сытуацыі пад кантролем”.

Алег Воўчак: “Гэтая нарада найперш зьвязана з увядзеньнем санкцыяў ЗША супраць “Белнафтахіму”. А самая моцная падтрымка Лукашэнкі — гэта сілавыя структуры.

Лукашэнка, як заўсёды, крытыкуе сілавыя структуры і адначасова мабілізуе іх ва ўмовах эканамічных цяжкасьцяў, каб захаваць стабільнасьць. Можна ўбачыць і такі падтэкст, што ўвага, а значыць — і фінансаваньне, заробкі супрацоўнікаў сілавых ведамстваў — будзе падтрымлівацца на высокім узроўні”.

Чаму не дае плёну барацьба з карупцыяй?

Карбалевіч: “З выступу Лукашэнкі вынікае, што ўсе сілавыя структуры скрозь прасякла карупцыя. Карупцыянэры сядзяць у міліцыі, КДБ, мытні, войску, нават у органах Міністэрства па надзвычайных здарэньнях. Лічбы і факты, якія прывёў Лукашэнка, уражваюць. Афіцэры Ўзброеных сілаў больш думаюць пра тылавыя пытаньні, а не пра абарону краіны. Чаму ж не дае плёну барацьба з карупцыяй, якой Лукашэнка займаецца амаль 14 гадоў? Наадварот, справа ідзе пра раскладаньне ўсіх сілавых структураў”.

Костка: “Карупцыя — гэта праблема ўсяго грамадзтва. Яна мае свае прычыны. Каб перамагчы карупцыю, трэба ўсталяваць вяршэнства закону. Калі ж працэсамі кіруе не закон, а чыноўнік, то ствараецца бюракратычная сыстэма. Усе пытаньні разьмеркаваньня фінансаў, матэрыяльных рэсурсаў вырашаюць чыноўнікі. Гэта стварае спрыяльныя ўмовы для хабару ва ўсіх органах улады.

Таму дзеля пераадоленьня карупцыі патрэбны грамадзкі кантроль за чыноўнікамі, свабодныя мэдыі, незалежныя суды. Калі гэтага няма, то ўся барацьба з карупцыяй — гэта фікцыя, прынясеньне ў ахвяру асобных чыноўнікаў.

Другая ўмова: высокія заробкі чыноўнікаў, каб яны не спакушаліся на хабар. Афіцэры Ўзброеных сілаў таму больш думаюць пра тылавыя пытаньні, што ім не хапае грошай на жыцьцё.

Трэцяя ўмова — кадры. На кіраўнічыя пасады людзі падбіраюцца паводле прынцыпу адданасьці лідэру, а не прафэсійнасьці ці маральнасьці. Таму трэба змагацца з прычынамі карупцыі, а ня з вынікамі”.

Воўчак: “Праваахоўныя органы, якія павінны былі змагацца з карупцыяй, самі апынуліся ў цэнтры карупцыйных скандалаў. Лукашэнка прызнаў, што яго любімы орган — Рада бясьпекі — ня змог усталяваць кантроль над сілавымі структурамі.

Другая прычына, як ужо адзначаў сп. Костка, — гэта кадры. Людзі трапляюць у гэтыя органы не паводле прафэсійных якасьцяў, а на аснове кланавасьці.

Яшчэ адна праблема — вялікая цякучасьць кадраў. Напрыклад, у пракуратуры Менску сьледчыя больш за тры гады не затрымліваюцца.

Выйсьце я бачу ў тым, каб вярнуцца да сытуацыі, якая была да рэфэрэндуму 1996 г. То бок, сілавыя структуры павінны падпарадкоўвацца не прэзыдэнту, а парлямэнту. Бо практыка паказала няздольнасьць прэзыдэнта кантраляваць іх. У выніку мы назіраем сыстэмны крызыс праваахоўнай сыстэмы. Можна зрабіць выснову, што праблема карупцыі ў гэтых органах будзе толькі абвастрацца”.

Ці дасьць плён гэтая нарада?

Карбалевіч: “Які мэсыдж Лукашэнка дасылае грамадзтву? Гэта звычайная прэзэнтацыя вобразы змагара з карупцыяй ці што іншае? Якія наступствы можа мець гэтая нарада?”

Костка: “Гэта дэманстрацыя сілы з дапамогай мэдыяў. Лукашэнка дасылае мэсыдж, што здольны трымаць сытуацыю пад кантролем. Але гэта толькі дэманстрацыя, а не адлюстраваньне рэальнай сытуацыі. Бо людзі, якія там працуюць, таксама шмат што разумеюць”.

Воўчак: “Лукашэнка выступіў з такім пасланьнем: узрасла вонкавая пагроза Беларусі, таму сілавым структурам неабходна кансалідавацца вакол лідэра, каб абараняць сувэрэнітэт краіны і ўладу прэзыдэнта”.

Костка: “Складаецца ўражаньне, што мы ўвайшлі ў сыстэмны крызыс, і наперадзе нас чакаюць зьмены. Гэтае адчуваньне ёсьць і ў грамадзтве, і ў палітычным кіраўніцтве. Адсюль і жаданьне мабілізаваць сілавыя структуры, бо гэта адзіная апора Лукашэнкі”.

Карбалевіч: “Такім чынам, якія б мэты ні ставіў Лукашэнка, праводзячы гэтую нараду, зь яе вынікае, што сваё абяцаньне ліквідаваць ці нават зьменшыць карупцыю, якое ён даваў падчас выбарчай кампаніі 1994 году, кіраўнік дзяржавы ня выканаў. Наадварот, як вынікае з выступу Лукашэнкі, карупцыя ўзмацнілася, стала ўсёахопнай, яна пагражае нармальнаму функцыянаваньню дзяржаўных інстытутаў. Гэта і ёсьць адзін з галоўных вынікаў амаль 14-гадовага прэзыдэнцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG