Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны гомельскі актывіст Андрэй Цянюта


Сёньня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомелю Ільля Сьвірыдаў прысудзіў Андрэю Цянюту 10 сутак арышту. Яго прызналі вінаватым у дробным хуліганстве.


Андрэй Цянюта расказаў у судзе, што яго затрымалі ўчора каля 8 гадзіны вечара. Са словаў юнака, на вуліцы яго сустрэлі невядомыя ў цывільным. Адзін зь іх паваліўся і пачаў крычаць, што нібыта апазыцыянэр яго зьбівае. Тут жа зьявіліся міліцыянты і затрымалі юнака.

На судовым паседжаньні прысутнічала сваячка асуджанага Марыя Цянюта. Яна ўдакладняе:

“Андрэй заявіў, што гэта была правакацыя спэцслужбаў. Судзьдзя спытаў: “А якое дачыненьне да вас маюць спэцслужбы?” Андрэй патлумачыў: “25 сакавіка ў Менску будзе Дзень Волі. Я зьбіраўся ўдзельнічаць. Таму мяне і схапілі”.

Раней у Гомелі быў арыштаваны актывіст апазыцыі Канстанцін Жукоўскі. У гарадзкім парку ён раздаваў людзям віншавальныя паштоўкі ў гонар 90-годзьдзя БНР. Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што такім чынам пачынаюцца прэвэнтыўныя затрыманьні напярэдадні 25-га сакавіка:

“Па такой жа схеме Ўладзімера Кацору ўжо тры разы садзілі. Ля пад’езду да яго падыходзілі незнаёмыя і прасілі ці закурыць, ці яшчэ чаго, а пасьля крычалі: “навошта ты мяне б’еш!” Тут жа зьяўляліся міліцыянты і, як звычайна, яны выступалі за сьведак у судзе. А там гэта расцэньвалася як звычайнае хуліганства”.

Нягледзячы на перасьлед з боку міліцыі, гомельскія сябры апазыцыі заяўляюць пра намер ўзяць удзел у акцыі 25 сакавіка.

XS
SM
MD
LG