Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Для чаго Канстытуцыя? Аркуш паперы і больш нічога?”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


20 сакавіка Менскі гарвыканкам забараніў правесьці ў цэнтры гораду шэсьце і мітынг з нагоды 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Улады Менску дазволілі правесьці акцыю па маршруце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Заяўнікі не пагадзіліся з такім рашэньнем і склалі зь сябе адказнасьць за ягоныя наступствы. Пры гэтым заяўнікі паведамілі, што самі а 18-й гадзіне 25 сакавіка як грамадзяне Беларусі прыйдуць на пляц Якуба Коласа.

Павел Васілевіч, Менск: “Народ Беларусі стагоддзямі жыў пад чужынцамі зьняважаным і зьнявечаным. Жыў-быў так, як быццам яго і не было. Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе стала знамянальнай гістарычнай падзеяй, абнадзеіла ўсіх добрых разумных людзей на пабудову сваёй незалежнай, сувэрэннай, заможнай краіны, зь лепшай сьветлай будучынай і роўнай сярод іншых роўных — “людзьмі звацца,” як трапна сказаў наш пясьняр Янка Купала. А наш блізкі вялікі вяшчун праўды Васіль Быкаў называў гэтую падзею найярчэйшым агеньчыкам у цемрадзі хлусьні. І так, ён меў рацыю. Бо ўладныя чужынцы, нядобразычліўцы ўсіх накірункаў не прызналі і не прызнаюць волю народа як зьдзейсьнены факт і замоўчваюць яе да сёньняшняга дня. Пры дзеючай уладзе на календары не чырвоны працоўны дзень. Маўчаць наконт гэтага дзяржаўная тэлевізія, радыё, газэты. А людзям, хто ня ведае ці забыў сьвята, трэба гаварыць, пісаць, вяшчаць пра гэта”.

Анастас Семяновіч: “Таварыш Лукашэнка! Вы яшчэ раз вырашылі зьняславіць сваімі ўчынкамі 90-годзьдзе БНР. Гэта самае вялікае сьвята для народа Беларусі, акрамя вашых падхалімаў. Для гэтых людзей нічога сьвятога няма, толькі б добра пад'есьці. А маралі для іх не існуе. Трэба тэрмінова сабрацца вам з апазыцыяй, каб абмеркаваць, як лепей адзначыць гэтую дату. Тады народ, Эўропа і Амэрыка вас слушна зразумеюць. Адкіньце сваё самалюбства і апусьціцеся на родную зямлю. Акрамя гэтага, трэба тэрмінова выпусьціць ні ў чым не вінаватага спадара Аляксандра Казуліна з турмы”.

Спадар Мікалай: “Ніяк не магу ўцяміць, чаму ўлады нашай незалежнай Беларусі не дазволілі грамадзкасьці ў дзень 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі арганізавана, з кветкамі, правесьці шэсьце да помнікаў знакамітых людзей нашай Бацькаўшчыны. Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч былі вялікімі патрыётамі і змагарамі, якія фармавалі самасьвядомасьць нацыі і набліжалі нашу незалежнасьць. Дык чаму тады наша сучасная ўлада не дазваляе ўшанаваць у Дзень Волі памяць нашых клясыкаў і змагароў за волю?”

Іван Карпавіч, Менск: “У нас у Канстытуцыі прапісана свабода шэсьцяў, дэманстрацый, свабода слова, друку і іншае. Чаму апазыцыя зьвяртаецца ў адміністратыўныя органы, каб правесьці шэсьце і дэманстрацыю? Для чаго Канстытуцыя існуе ў нашай рэспубліцы? Толькі аркуш паперы і больш нічога? Хіба могуць мясцовыя ўлады вырашаць канстытуцыйныя пытаньні? Гэта абсурд нейкі. Патлумачце мне, як гэта можа быць. Дзе праводзіць і як праводзіць — гэта стыхійнае мерапрыемства. Людзі выказваюць сваё меркаваньне, свае пажаданьні і іншае”.

На пытаньне адказвае юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Зьміцер Маркушэўскі:

“Сапраўды, паводле Канстытуцыі Беларусі, свабода мітынгаў, шэсьцяў і дэманстрацыяў гарантаваная. На мой погляд, арганізатары павінны праінфармаваць пра мерапрыемства. Органы ўлады прызваныя тут дапамагчы арганізатарам, каб не было парушэньняў грамадзкага парадку. Сытуацыя, калі мерапрыемствы забараняюцца ці калі зьмяняецца час і маршрут правядзеньня, — гэта не рэглямэнтацыя правядзеньня мерапрыемстваў, а забарона”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадар: “Скажыце, калі ласка, хто той чалавек, якога “жывым шчытом” лавілі міліцыянты? Пэўна, няпросты?”

Нагадаю, што 2 сакавіка каб затрымаць нецьвярозага кіроўцу Рамана Менцюка, які ехаў на вялікай хуткасьці, супрацоўнікі ДАІ арганізавалі жывы шчыт з аўтамабіляў. Пазьней пракуратура Менскай вобласьці завяла на Менцюка крымінальную справу за парушэньне правілаў дарожнага руху і правілаў выкарыстаньня транспартных сродкаў. Яму пагражае да двух гадоў зьняволеньня. Раман Мянцюк ніколі ня меў аўтамабільных правоў. Яму 27 год, тройчы судзімы: за рабаваньне крамы, выкраданьне аўтамабілю і бойку. Агулам за кратамі ён правёў 10 год свайго жыцьця.

На чарзе такое тэлефанаваньне:

Уладзімер Сянько, Баранавічы: “У горадзе Баранавічы ёсьць мясцовая тэлестанцыя “Інтэкс”, на якой можна за грошы павіншаваць сяброў, замовіўшы песьню. Паспрабаваў і я. Замаўляю песьню “А дзе ж тыя ваяры, што ў паход хадзілі ў Крым?..” Адказваюць, што няма ў іх такой песьні. Тады песьню “Мы выйдзем шчыльнымі радамі на вольны родны наш прастор” — таксама няма. А песьні “Біла мяне маці бярозавым прутам, каб я не гуляла з маладым рэкрутам”? — Не, няма. Ну, а песьню “Зорка Вэнэра ўзышла над зямлёю, сьветлыя мары з сабой прынясла”? — Таксама няма. Паказваюць адно толькі прымітыўную рускамоўную папсу. А колькі ж ёсьць цудоўных беларускіх песень на ўсе густы! Зрусыфікавалі ўсё наўкола, а жывуць на грошы беларусаў. Не апраўдваю гітлераўскіх фашыстаў-акупантаў, але ж нават тады былі беларускія школы і іншыя ўстановы. Цяпер жа фашысты-русыфікатары ператварылі Беларусь ва Ўсярусь. Адзін спадзеў, што праз Радыё Свабода можна будзе павіншаваць мужных беларусаў. Павіншаваць мілых беларусачак са сьветлым сьвятам — з Днём Волі песьняй на беларускай мове”.

Камэнтар рэдактара аддзелу праграмаў тэлекампаніі “Інтэкс” Ліліі Банкевіч:

“У нас ёсьць “Сябры”, Якаў Навуменка, Ірына Дарафеева, Валеры Дайнэка, Ціхановіч, Паплаўская, “Лявоны”, “Крама”, NRM, “Песьняры”, “Беларускія песьняры”. У нас ёсьць каталёг, паводле якога чалавек можа выбраць. Але што тычыцца эфіру, у нас пастаянна гучаць беларускія песьні. Мы і самі ў гэтым зацікаўленыя. Я думаю, што гэтаму чалавеку трэба прыйсьці да нас у тэлекампанію. Калі ён нечым незадаволены, мы вырашым праблему на месцы”.

XS
SM
MD
LG