Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі -- 2007 і 2006. Як гэта было <img src="/img/icon-listen.gif" border=0 />


Назіральнікі лічаць, што 2006 год, калі ў краіне адбылася прэзыдэнцкая кампанія, стаў знакавым для беларускага грамадзтва. За тыдзень да Дня Волі адбыліся выбары прэзыдэнта. Амаль чацьвёра сутак людзі стаялі на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў. 25 сакавіка некалькі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Менску. Нягледзячы на перашкоды, адбыўся мітынг. А потым дэманстрацыя на праспэкце Дзяржынскага, якую жорстка разагналі ўлады. Але, нягледзячы на гэта, у 2007 годзе зноў тысячы дэманстрантаў сабраліся ў цэнтры сталіцы, каб разам адзначыць Дзень Волі.


Напачатку 2006 году дзяржаўнае тэлебачаньне амаль штодня пачало палохаць гледачоў тэрактамі, эканамічнай і палітычнай нестабільнасьцю, калі выбар будзе на карысьць кандыдатаў ад дэмакратычнага руху. Дзясяткі распаўсюджвальнікаў агітацыйнай прадукцыі трапілі за краты яшчэ за тры тыдні да дня выбараў.

Тым, хто асьмеліцца ў дзень галасаваньня выйсьці на плошчу, пагражалі нават сьмяротным пакараньнем. Але на плошчу выйшлі больш за дзесяць тысяч чалавек. На наступны дзень паставілі намёты. Лягер пратрымаўся амаль чацьвёра сутак. У Менскіх турмах не хапала камэраў на сотні і сотні арыштаваных. У судах ад раніцы да вечара судзілі апазыцыянэраў. Людзей пачалі адвозіць у турмы менскага раёну.

25 сакавіка плошча была ачэпленая кардонамі спэцназаўцаў і салдатамі ўнутраных войскаў. Нягледзячы на гэта дэманстрантам удалося сабрацца ў сквэры Янкі Купалы, дзе адбыўся мітынг.

Гаворыць лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч:

“Я, калі глядзеў на твары людзей, якія сабраліся каля помніка Янку Купалу, то бачыў выдатны-выдатны настрой людзей. Гэта быў настрой маральнай перамогі”.

Калі мітынг скончыўся і людзі пачалі разыходзіцца, Аляксандр Казулін прапанаваў тым, хто яшчэ заставаўся ў сквэры, прайсьці да турмы на вуліцы Акрэсьціна і паставіць там кветкі на знак салідарнасьці з палітвязьнямі.

Пад мостам на праспэкце Дзяржынскага калёну сустрэлі спэцназаўцы пад кіраўніцтвам Зьмітра Паўлічэнкі і салдаты ўнутраных войскаў. Яны пайшлі на разгон, жорстка зьбіваючы кожнага, хто трапіў на шляху.

Алена Сакалоўская
была ў натоўпе людзей, якія не сталі ўцякаць.

“Мужчына прапанавалі ўсім жанчынам сысьці, альбо схавацца за іх сьпінамі. Але шмат хто з жанчынаў засталіся. Мы бачылі як набліжаліся да нас салдаты. Мы счапіліся ў ланцужок за рукі... тут на нас пасыпаліся ўдары. Калі паваліўся Шадэнка, яго пачалі зьбіваць нагамі. Я забылася пра свой боль і жах і кінулася яму на дапамогу. Учапілася за плечы салдата і крычала, каб ён адышоў. Мяне вельмі ўразіла жанчына з Мар’інай Горкі. У яе была ў руках сумка і яна так пачала “адхаджваць” салдат гэтай сумкай, што яны пачалі ад яе разьбягацца”.

Упершыню ўлады ўжылі шумавыя бомбы для разгону дэманстрацыі.

Дагэтуль ніхто ня здолеў пацьвердзіць інфармацыю аб тым, што пад час сутычкі былі забітыя людзі.

Аляксандра Казуліна затрымалі і абвінавацілі ў масавых беспарадках. Ад тае пары ён знаходзіцца за кратамі.

Дзясяткі студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў вулічных акцыях, адлічылі з вучобы. Праграма Каліноўскага дала ім магчымасьць падоўжыць навучаньне за мяжой.

Сьпіс палітвязьняў папоўніўся моладзевымі актывістамі.

У 2007 годзе арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі пасьля падзеяў 2006 году не разьлічвалі на вялікую колькасьць удзельнікаў акцыі. Але, нягледзячы на прэвэнтыўныя арышты, на вуліцу выйшлі каля дзесяці тысяч чалавек.

Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі Віктар Івашкевіч:

“Людзі не пабаяліся і ўсё роўна ўзялі ўдзел у гэтых шэсьцях, якія захапілі ўвесь цэнтар горада, дзякуючы таму, што з двух бакоў хадзілі калёны. Пасьля таго 25 сакавіка нікога не пакаралі”.

Назіральнікі адзначаюць, што летась упершыню ўлады не разганялі несанкцыянаваную дэманстрацыю ў Дзень Волі. Уладам не ўдалося зьбіць хвалю грамадзянскай актыўнасьці. Апроч таго, пад націскам міжнароднай супольнасьці некалькім моладзевым актывістам удалося пазьбегнуць жорсткіх прысудаў у крымінальных справах за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Сёлета арганізатары сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР выказваюць упэўненасьць, што сьвяточная акцыя адбудзецца ў заплянаваным фармаце.

Прапануем з архіваў Свабоды фрагмэнт рэпартажу Любові Лунёвай 25 сакавіка 2006 году.




І вось фрагмэнт рэпартажу Ганны Соўсь 25 сакавіка 2007 году.


XS
SM
MD
LG