Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

45 тысяч на месяц за сабаку: падатак на любоў


У сакавіку ўладальнікі некаторых “патэнцыйна небясьпечных сабак”, а менавіта – гончых, бульдогаў, бультэр’ераў, дабэрманаў ды іншых – атрымалі жыроўкі, дзе плата за “хатніх гадаванцаў” складае 45 500 беларускіх рублёў.


Адкуль узяліся гэткія лічбы? Як жывецца бездаглядным жывёлінам у прытулку “Фаўна гораду”? І ці патрэбны ў Беларусі Закон аб абароне жывёлін?

Жыхарка Менску Тамара Гулезава ня стрымлівае сваіх эмоцыяў. Яна ўражаная лічбамі ў апошнім цэтліку на аплату камунальных паслуг:

“У мяне стары дабэрман, які ня здольны ўжо нават на двор выйсьці, ён такі хворы. І мне прыйшла “жыроўка” сёньня на 45 500. Гэта роўна ў чатыры разы болей за адлічэньні на капрамонт, у 15 разоў болей за плату на газ, болей за ацяпленьне цягам месяца... Пры плаце за кватэру 100 амаль тысяч дадаткова я плачу 45 500 за хворага сабаку. Я лічу, гэта падатак на любоў. А падатак для ўладальнікаў аўтамабіляў ведаеце які? 25 тысяч на год!”

“Калі ў Вас няма сабакі, яго не атруціць сусед..."

У аддзеле санітарнага стану і добраўпарадкаваньня Менгарвыканкаму параўнаньняў не зразумелі. Адказвае чыноўніца, якая адрэкамэндавалася як Раіса Яўгенаўна:

“Плата за валоданьне сабакам – гэта ня плата камунальная. Гэта падатак. Чаму? Таму што сабака можа быць нават выкарыстаны для атрыманьня прыбытку. Згодны?”

Карэспандэнтка: “Ну, гэта можа быць, а можа і ня быць...”

“Так, але мы ўсе выбіраем нешта кожны для сябе – што рабіць, што набываць, што насіць...”

Задавальненьне трымаць і карміць сабаку ацаніў Менскі гарадзкі савет дэпутатаў:

“Мы – чыноўнікі, і проста забясьпечваем выкананьне тых нарматыўных дакумэнтаў, якія да нас даводзяцца. Усе рашэньні па падатках прымаюцца на сэсіі Менгарсавету. Дык вось 28 сьнежня 2007 году было прынятае рашэньне Менгарсавету №102 аб бюджэце гораду Менску на 2008 год. Пры яго абмеркаваньні было прынятае рашэньне падатак устанавіць на ўладальнікаў свойскіх жывёлін за выкарыстаньне жывёлін... Ці нават за выкарыстаньне, можа быць, жывёлін у нейкай прадпрымальніцкай дзейнасьці”.

То бок калі ты зарабляеш на сабаках грошы, плаціш падатак 45 тысяч. А калі ты траціш на сабаку грошы, купляеш яму ежу, аплачваеш паслугі вэтэрынара, абавязковыя прышчэпкі, лекі, тады ты плаціш... таксама 45 тысяч. Да таго ж уладальнікі патэнцыйна небясьпечных сабак абавязаныя прайсьці трохмесячныя курсы дрэсіроўкі ў кіналягічных клюбах. Адны заняткі ў сярэднім каштуюць 10 даляраў. Ніхто не спрачаецца – справа патрэбная. Але ўсе аспрэчваюць памер падатку на фоне гэткіх выдаткаў.

Падаткі на сабак пойдуць на тых сабак, якіх выкінулі

“Зараз такое пачнецца, пачнуць проста сабак выкідаць, труціць... 45 тысяч – хто ж гэткае вытрымае?” – уздыхае Тамара Гулезава.

Пра выкінутых на двор сабак паклапоціцца дзяржава. І паклапоціцца акурат на тыя грошы, якія атрымае ад уладальнікаў свойскіх жывёлін:

“На зборы ад свойскіх жывёлін мы робім вельмі шмат, і гэта ўсе грамадзяне бачаць. Пабудавана прадпрыемства, пра якое можна казаць вельмі доўга – “Фаўна гораду”. Зьбіраюцца сродкі на будаўніцтва гатэлю для часовага ўтрыманьня жывёлін...”

Тым часам “Фаўна гораду” ня ведае, куды ўладзіць бездаглядных жывёлін. Штодня ў прытулак іх трапляе больш за 20. Клеткі для іх ня гумавыя. Калі гаспадар жывёліны не знаходзіцца цягам некалькіх дзён, котку ці сабаку чакае эўтаназія. Найбліжэйшым часам у прытулку плянавалася дэзынфэкцыя. Для гэтага памяшканьні павінны былі быць пустыя. Зьвярнуліся да грамадзянаў: прытуліце жывёлін усяго на 2 тыдні – не забіваць жа іх. Людзі адгукнуліся: цягам толькі суботы забралі 16 сабак і 12 катоў. Не часова, а назусім, расказвае намесьніца дырэктара “Фаўны гораду” Натальля Бялянава:

“Калі мы пра гэта напісалі, што перад дэзынфэкцыяй будзем вымушаныя зьнішчыць жывёлін, людзі актывізаваліся і прыйшлі ратаваць. Але дрэнна тое, што людзі цудоўна ведаюць: пункт адлову і часовага ўтрыманьня мае ў азначэньні слова “часовага”. І ведаюць, што тэрмін утрыманьня абмежаваны. І цудоўна разумеюць, што калі ён канчаецца, прыходзіць тое самае ўсоньваньне. Але пакуль ты пра гэта кожны дзень не пачынаеш казаць, ці то ня думаюць пра гэта, ці то спадзяюцца, што нехта іншы гэта зробіць, ці то проста не напружваюцца. А працэдура эўтаназіі існуе штодня...”

Без закону – беззаконьне

Шмат у якіх краінах стасункі паміж людзьмі і жывёлінамі рэглямэнтуюцца адмысловымі законамі. У нас абмеркаваньне праекту закону аб абароне жывёлін праз пару гадоў зможа адзначыць 10-гадовы юбілей. Цяпер праект зноў адпраўлены на дапрацоўку. І ў пэўным сэнсе гэта на лепшае, лічыць Натальля Бялянава:

“Праект закону аб жывёлінах, на жаль, у нас гэткі, што... Я езьдзіла ў Кіеў на міжнародную канфэрэнцыю, паказала там праект закону нашага, яны папросту пасьмяяліся. Бязглузьдзіца. Гэта хіба што закон, які будзе для тых людзей, якія ня любяць жывёлін, але ніяк не для абароны жывёлін. Так, з аднаго боку, дзякуй Богу, што яго не прынялі, а зь іншага боку – без закону вельмі цяжка. Англія прыняла закон аб абароне жывёлін 200 гадоў таму. Вось і лічыце, як мы адстаём ад цывілізаванага сьвету – на два стагодзьдзі...”
XS
SM
MD
LG