Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы пра галадоўку як сродак палітычнай барацьбы


Адказы жыхароў Магілёва на пытаньне: “Галадоўка — ці дзейсны гэта сродак пры абароне правоў і інтарэсаў людзей?”


Спадарыня: “У залежнасьці ад таго, да чаго яна прывядзе. Пытаньне, ці зьвернуць на яе ўвагу альбо спусьцяць усё на тармазах. У нас усё спускаюць на тармазах — гэтага не было й няма”.

Спадар: “Я думаю, што не. Я думаю, што гэткім чынам праяўляецца слабасьць. Існуе шмат спосабаў. Старацца трэба шукаць іншыя мэтады выйсьця з сытуацыі. Усё залежыць ад сытуацыі”.

Спадарыня сталага веку: “Я думаю, што не. Гэта ўжо апошняе. Гэта ўжо чалавек рызыкуе сваім жыцьцём”.

Карэспандэнт: “А як трэба, на вашую думку, бараніць інтарэсы, калі чалавек даведзены да адчаю?”

Спадарыня: “Я нават ня ведаю, як, аднак галадоўка — думаю, што не”.

Спадар: “Я ня думаю, што эфэктыўны. Хоць у некаторых выпадках яна бывае эфэктыўная. Дапусьцім, як у дзевяностыя гады ў Расеі шахцёры на Краснай плошчы, ці дзе там у Маскве, галадалі. Яны там, здаецца, нечага дасягнулі”.

Юначка: “У залежнасьці ад поглядаў якіхсьці. Калі гэта слушная справа, за якую трэба змагацца ды іншага выйсьця няма, тады так. А калі ты нікому нічога не дакажаш і сэнсу ў ёй няма, а ты папсуеш сабе здароўе, дык гэта глупства”.

Спадар: “Часам так. Калі іншыя мэтады не працуюць, чаму чалавеку не заявіць пра сябе такім чынам?”

Спадарыня: “Не. Ты робіш дрэнна свайму арганізму, а не некаму з атачэньня”.

Карэспандэнт: “А як бараніць свае інтарэсы? Як і чым?”

Спадарыня: “Проста адстойваць сваю пазыцыю, мне здаецца так. Цябе ўсё адно пачуюць. Проста прасоўваць сваю думку ў грамадзтва”.

Спадар: “Калі ісьці за справядлівасьць, нешта даказаць. Калі цябе ня чуюць, то, напэўна, любыя спосабы дарэчы, каб дасягнуць сваёй мэты”.

Спадарыня: “Можна, канечне, можна. Што я атрымліваю трыста тысяч — гэта не галадоўка? Гэта і ёсьць галадоўка. Мне хапае толькі на кватэру. Больш ні на што. Ужо сілаў больш няма далей жыць. Вось іду крэдыт узяць, а з маім заробкам мне паўсюль адмаўляюць”.

Спадар сталага веку: “Не. Я перакананы, што гэта дурная справа. Свае інтарэсы трэба бараніць іншымі шляхамі. Выкарыстоўваць прэсу нелегальную, свабодную. Ну й іншыя мэтады агітацыі й прапаганды іншых ідэяў ды іншых умоваў жыцьця”.
XS
SM
MD
LG