Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ніякіх піяр-агенцыяў ня хопіць, каб пераадолець нэгатыў беларускага лідэра”


Навошта афіцыйны Менск паглыбляе стан дыпляматычнага канфлікту з Вашынгтонам і разгортвае інфармацыйную вайну супраць ЗША? Наколькі істотныя разыходжаньні паміж ЗША і Эўразьвязам у беларускім пытаньні? Ці здолее PR-фірма лорда Бэла палепшыць міжнародны імідж сёньняшняй Беларусі? Гэтыя тэмы ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” абмяркоўваюць палітоляг Юры Чавусаў і былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі.


Цыганкоў: “Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, найперш Беларускае тэлебачаньне, апошнімі днямі разгарнулі сапраўдную інфармацыйную вайну супраць амэрыканскай палітыкі ўвогуле і амэрыканскай амбасады ў Беларусі ў прыватнасьці. Варта нагадаць таксама, што МЗС патрабуе ад амбасады ЗША скараціць колькасьць сваіх супрацоўнікаў. Ці можна сказаць, што Менск праводзіць нейкую стратэгію, распальваючы канфлікт, ці гэта проста эмацыйны адказ на санкцыі ЗША? А калі стратэгія, то якая?”

“Слон, бэгемот і маленькі камарык”

Садоўскі: “Я б тут не хацеў ужываць слова “стратэгія”. Паколькі сёньняшняя Беларусь знаходзіцца на нейкім вастрыі расейкай антыамэрыканскай палітыкі, то гэтыя інфармацыйныя дзеяньні даўно пачаліся і практычна не перапыняліся апошнія 12 гадоў”.

Цыганкоў: “Як зазначыў спадар Садоўскі, беларуская палітыка ў дачыненьні да ЗША ў прынцыпе не мяняецца. Але чым патлумачыць прыліў і хвалю апошніх дзён?”

Чавусаў: “Я б таксама не ўжываў у дачыненьні да беларускай зьнешняй палітыкі тэрмін “стратэгія” — хутчэй гэта сытуацыйная рэакцыя. Сытуацыя з санкцыямі і нэрвовая рэакцыя на іх рэальнае ўвядзеньне дэманструе няздольнасьць беларускай дыпляматыі вырашаць праблемы, якія стаяць перад краінай. Той час, які можна было скарыстаць, каб гэтыя санкцыі не былі ўжытыя, быў дыпляматыяй страчаны. У выніку была такая жорсткая рэакцыя з боку ЗША і нэрвовая, я б нават сказаў, гістэрычная рэакцыя з боку Беларусі”.

Цыганкоў: “Ужо ня першы дзень сярод аналітыкаў абмяркоўваецца вэрсія, што афіцыйны Менск імкнецца пасварыць ЗША і Эўразьвяз у беларускай праблеме. Наколькі, па-вашаму, гэта сапраўды патрэбна афіцыйнаму Менску, і калі так — то якімі мэтадамі гэта дасягаецца?”

Садоўскі: “Я не падзяляю гэтага тэзісу. У ЗША і Эўразьвязу ёсьць свае вялікія праблемы, але ёсьць і салідарная зьнешняя палітыка паводле парамэтраў эўраатлянтызму. Натуральна, кожная краіна мае свае нейкія асаблівыя інтарэсы — узгадайце паездкі Нікаля Сарказі ці Ангелы Мэркель у ЗША. Беларусь тут ня можа ніяк паўплываць. Уявіце сабе: слон і бэгемот — і маленькі камар неяк ушчэмліваецца паміж імі, сварыць іх... Я ня думаю”

Цыганкоў: “Зразумела, маецца на ўвазе ня тое, што Беларусь пасварыць ЗША і Эўропу, а тое, што ў іх ёсьць розныя падыходы да беларускай праблемы і афіцыйны Менск хоча іх неяк паглыбіць”.

Чавусаў: “Зноў жа, ніяк ня можа паглыбіць. Ясна, што існуе група (ЗША, Польшча, Балтыя, Чэхія), у якіх свае адносіны да Беларусі. У Францыі, напрыклад, ніякія адносіны. У Нямеччыны ёсьць сваё стаўленьне. Але ў іх зацікаўленьне Беларусьсю пайшло ў тым ліку таму, што сюды хлынуў расейскі капітал. Адмена “залатой акцыі” — усе гэта ківок у бок Захаду”.

Цыганкоў: “Усё ж ці можа служыць пэўным выратаваньнем для Менску розьніца ў падыходах ЗША і Эўропы? ЗША ўводзяць санкцыі, Эўразьвяз адчыняе ў Менску офіс Эўракамісіі. Ці можа Беларусь спрабаваць гуляць на гэтым?”

Чавусаў: “Па-першае, давайце нагадаем, што санкцыі з боку Эўразьвязу ёсьць. Санкцыі візавыя і санкцыі, датычныя магчымай блякіроўкі рахункаў. Пра гэта зараз забываюцца на фоне быццам бы “пацяпленьня” адносінаў з Эўразьвязам.

Што да магчымасьці гуляць на розьніцы падыходаў — безумоўна, эўрапейскія падыходы больш шматгранныя. Як слушна заўважыў спадар Пятро, існуюць розныя падыходы розных груп краінаў. Але я зьвярну ўвагу, што ўсё ж нейкія агульныя палажэньні што да беларускай праблемы былі агучаныя паўтара году таму ў гэтак званых “12-ці прапановах” Эўразьвязу. Гэта кропка, якая яднае ўсю шматграннасьць эўрапейскіх падыходаў. Вядома ж, эўрапейскі падыход мае адну вялікую загану ў параўнаньні з амэрыканскім — як пры любой спробе “наладжваньня дыялёгу”, магчымая сытуацыя, калі прынцыповыя пытаньні становіцца ахвярай жаданьня “падтрымаць дыялёг”.

“Ніякіх піяр-агенцыяў ня хопіць, каб пераадолець той нэгатыў, які паходзіць ад беларускага лідэра”.

Цыганкоў: “Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Менску са знаным брытанскім спэцыялістам у PR-індустрыі Цімаці Бэлам. Мяркуецца, што Бэл атрымаў ад беларускага кіраўніка прапанову працаваць на паляпшэньне іміджу сучаснай Беларусі. Ці могуць піяр-агенцтвы дапамагчы ня самаму дэмакратычнаму рэжыму палепшыць свой імідж?”

Садоўскі: “Недэмакратычнаму рэжыму піяр не дапаможа. Пакуль пра візыт лорда Бэла можна сказаць толькі наступнае — “прыехаў, паглядзеў, паабяцаў”. Ні да чаго не абавязвае. Я залез у інтэрнэт і пачытаў некалькі матэрыялаў пра ягоную фірму. Аказваецца, там зусім ня так добра ідуць справы. Можа, тут, у Беларусі, можна іх паправіць?”

Чавусаў: “У пытаньні паляпшэньня іміджу “апошняй дыктатуры Эўропы” піяр-сродкамі, я думаю, у рэжыму Лукашэнкі ня хопіць грошай, каб пераадолець увесь той нэгатыў, які быў назапашаны ў мэдыйнай сфэры. Асобныя заказныя хвалебныя публікацыі могуць зьявіцца ў заходняй прэсе (памятаем артыкул у “Guardian”). Але неардынарная асоба Аляксандра Рыгоравіча, які то Гітлера пахваліць, то антысэміцкія выбрыкі сабе дазволіць... Ніякіх піяр-агенцыяў ня хопіць, каб пераадолець той нэгатыў, які паходзіць ад беларускага лідэра”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG