Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліда: актывісты адзначаць Дзень Волі, нягледзячы на забароны


Лідчукам адмовілі ў залях для правядзеньня агульнабеларускай дыктоўкі, навукова-краязнаўчай канфэрэнцыі “Лідчына ў часы БНР” і не далі дазволу правесьці сяброўскую сустрэчу 25 сакавіка побач з помнікам Францыску Скарыну.


Адну з адмоваў — на правядзеньне сяброўскай сустрэчы — актывіст БНФ “Адраджэньне” Станіслаў Суднік атрымаў у пісьмовым выглядзе. Улады патлумачылі, што “у цяперашні час каля помніка вядуцца работы па добраўпарадкаваньні”.

Дзьве другія адмовы далі вусна, праз тэлефон. Маўляў, у цэнтральнай бібліятэцы 23 сакавіка ў сувязі з каталіцкім Вялікаднем абвешчаны выходны, а каб правесьці канфэрэнцыю — такой залі наагул няма.

Са слоў спадара Судніка, ужо дакладна вядома, што навукова-краязнаўчую канфэрэнцыю правесьці не атрымаецца, бо не засталося часу, каб запрасіць удзельнікаў зь іншых гарадоў.

Суднік: “Меліся запрасіць Уладзімера Арлова з прэзэнтацыяй кніжкі “Імёны Свабоды”, каб ён распавёў пра тых, хто меў дачыненьне да БНР. Але як запрашаць, калі няма дазволу? Хацелі выйсьці на Туронка і каб нехта па ягонай кнізе зрабіў даклад пра Вацлава Іваноўскага. У Лідзе знайшлі пляменьніка Язэпа Сажыча”.

Што да агульнабеларускай дыктоўкі, то плянуецца, што яна адбудзецца ў праваслаўнай нядзельнай школцы. Дарэчы, аб’явы ўжо распаўсюджаны па школах і прадпрыемствах гораду.

А 25 сакавіка спадар Суднік разам зь сябрамі зьбіраецца прыйсьці да помніка Францыску Скарыну і ўскласьці там кветкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі ў гонар 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
XS
SM
MD
LG