Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“У Беларусі знойдзены чатыры метэарыты”


Пра што пісалі беларускія газэты 20 сакавіка ў розныя гады мінулага.


“ЛіМ” на гэтым тыдні 1938 году друкуе прамову пракурора СССР А.Вышынскага на працэсе праватрацкісцкага блёку: “Я напомню вам допыт падсуднага Рыкава. На пытанне аб тым, што прадстаўляла сабой буржуазна-фашысцкая арганізацыя, якая дзейнічала ў Беларусі пад кіраўніцтвам Галадзеда, Чарвякова і Шаранговіча, Рыкаў павінен быў прызнаць, што нават назначэнне колькі-небудзь буйнае асобных работнікаў на кіруючыя пасты ў Беларусі папярэдне ўзгаднялася з польскай разведкай”.

Той жа “ЛіМ”, але дзесяць гадоў пазьней, крытыкуе творчасьць архітэктара Лянгбарда: “У будынку-ж Беларускага Дзяржаўнага тэатра оперы і балета майстра, безумоўна, дапусціў даволі буйныя памылкі ў плане, як напрыклад, несуразмерна вялікае файэ ў параўнанні з аб’ёмам глядзельнай залі, наяўнасць мёртвых аб’ёмаў у бакавых сектарах залі, недапрацаванасць фасаду. Усё гэта сведчыць аб далёка не здавальняючым рашэнні разглядаемага твору”.

“Да цяперашняга часу ў Беларусі знойдзены чатыры мэтэарыты, — піша ў 1978 годзе “Вечерний Минск”. — Жалезакаменны мэтэарыт Брагін зьяўляецца найбольшым сярод паласітаў, знойдзеных на тэрыторыі Савецкага Саюзу. Апісаная вага ўсіх яго адшуканых і апісаных экзэмпляраў дасягае 800 кг. Пра час падзеньня мэтэарыту Брагін дакладна нічога не вядома. Магчыма, ён упаў у дагістарычныя часы... Знойдзены пакуль дзесяць экзэмпляраў Брагінскага мэтэарыту. Асноўнае іх месцазнаходжаньне — в.Капоранка ва ўрочышчы Купоўкі і в.Крупкі”.
XS
SM
MD
LG