Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паслы зноў пісалі дыктоўку па-беларуску


Надзвычайныя і паўнамоцныя паслы Польшчы, Ізраілю і Баўгарыі ў Беларусі пісалі сёньня дыктоўку па-беларуску.


Раней, 15 сакавіка, агульнанацыянальную дыктоўку пісалі прадстаўнікі іншых амбасадаў краінаў Эўразьвязу, ЗША і рэдактары недзяржаўных выданьняў. 23 сакавіка агульнанацыянальную дыктоўку будуць пісаць грамадзкія дзеячы, палітыкі і ўсе ахвочыя паўдзельнічаць у Першай агульнанацыянальнай дыктоўцы па-беларуску. Тэкст дыктоўкі – прадмова да зборніка Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская”.

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Ізраілю Зэеў Бэн-Ар’е патлумачыў Радыё Свабода свой удзел у дыктоўцы:

“Таму што я лічу сваім абавязкам выказаць павагу да беларускай мовы. Для нас у Ізраілі моўнае пытаньне было вельмі важнае ад самага пачатку станаўленьня дзяржавы. Я лічу, што мы яго вырашылі і лічу, што Беларусь вырашыць гэтае пытаньне таксама”.

Гаворыць надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы Генрых Літвін:

“Мне асабліва трэба ўдзельнічаць, бо сама ідэя нацыянальнай дыктоўкі ўзьнікла на прыкладзе Польшчы і Літвы. У нас гэта адбываецца. Толькі кепска, што я пакуль яшчэ не магу даць інтэрвію па-беларуску, але пісаць ужо паспрабаваў... Я тут толькі пяць месяцаў і мне пакуль цяжка, тым больш, што я гавару ня толькі на расейскай мове, але й на ўкраінскай. Мне падаецца, што я змагу”.

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Баўгарыі Петка Ганчаў прыгадаў, калі апошні раз пісаў дыктоўку:

“Пісаў у школе, потым, калі быў студэнтам замежных моваў, я пісаў дыктоўкі. Пісаў дыктоўкі ў часе маіх экзамэнаў як асьпірант, калі вучыўся ў Баўгарскай Акадэміі навук. Гэта было больш за 30 гадоў таму. Мне гэта было цікава. Я не магу размаўляць па-беларуску, але гэтая мова мне падабаецца. Гэтая мова захавала яскравасьць старажытнаславянскіх моваў”.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі патлумачыў мэту акцыі:

“Спадзяемся, што гэтая ідэя будзе мець працяг і ў наступныя гады мы будзем пісаць супольныя дыктоўкі, магчыма, некалькімі краінамі разам. Гэта дае самапавагу да сябе, адчуваньне, што мы ў сям’і народаў, што нас паважаюць і мы паважаем усіх іншых. Гэта вельмі важны псыхалягічны крок, які асабліва ў нашай сытуацыі зь беларускай мовай адыгрывае асаблівую ролю”.

23 сакавіка ў Менску ў сядзібе Партыі БНФ, а таксама ў абласных цэнтрах адбудзецца апошні этап Першай агульнанацыянальнай дыктоўкі па-беларуску.

Пісаць яе будуць прадстаўнікі амбасадаў, якія яшчэ не пасьпелі ўзяць удзел, а таксама палітыкі, вядомыя грамадзкія дзеячы і грамадзяне, якія выкажуць сваё жаданьне далучыцца да акцыі.
XS
SM
MD
LG