Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асобы, палацы, замкі і “Пагоня” Яўгена Куліка


У Менску ў Палацы мастацтва адчынілася выстава гістарычнай графікі Яўгена Куліка. Яе назва “Беларусь – маё жыцьцё, маё натхненьне” цалкам адпавядае зьместу экспанаваных твораў, аўтара якіх ужо шэсьць гадоў няма сярод жывых.


У практыцы Саюзу мастакоў ёсьць завядзёнка даваць найлепшыя выста́ўныя залі сваім сябрам да круглае даты іх жыцьця і творчасьці пачынаючы ад паўвекавога юбілею. Выстава Яўгена Куліка прымеркаваная да сямідзесяцігодзьдзя, якое прыпадала на леташняга 30-га кастрычніка.

Намесьнік старшыні Саюзу мастакоў Сяргей Цімохаў кажа, што пяцімесячная затрымка выставы не зьвязаная з асобаю Яўгена Куліка, які быў вядомы сваімі радыкальнымі нацыянальна-адраджэнскімі поглядамі:

“Гэта нармальна, і мы проста радыя, што гэтая выстава нашага калегі, добрага мастака адбылася. Я вельмі задаволены тым, што мы гэта змаглі зрабіць”.

Экспазыцыю выставы Яўгена Куліка падрыхтавалі ягоныя сябры па творчай суполцы “Пагоня”. Кіраўнік суполкі Аляксей Марачкін гаворыць, што тут побач з малавядомымі раньнімі творамі мастака (“Аўтапартрэт”, “Партрэт маці” і іншымі) прадстаўленыя ягоныя працы, які даўно ўжо сталі клясыкай нацыянальнай культуры:

“Яўген Кулік – гэта постаць у нашай гісторыі, нашай мастацкай культуры ўнікальная. Вось вазьміце любую энцыкляпэдыю, гістарычную і нават не гістарычную, але ў якой зьмешчаныя артыкулы пра старажытныя постаці, пра наша мінулае, там заўсёды будзе малюнак Яўгена Куліка”.

Вандруючы па Беларусі, ён рабіў графічныя сэрыі помнікаў гісторыі і культуры, маляваў партрэты славутых нацыянальных дзеячаў, адным зь першых пачаў рабіць рэканструкцыі замкаў краіны, на якіх, дарэчы, яшчэ ў 1976 годзе зьмясьціў выяву старажытнага гербу “Пагоня”. А пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі стаў адным з суаўтараў эталёну Дзяржаўнага гербу.

Дзяржава не выяўляе ніякага зацікаўленьня творчай спадчынай Яўгена Куліка. Ягоныя працы захоўвае сястра Тамара, і пасьля тыднёвае экспазыцыі творы зноў вернуцца ў прыватны схоў. Далейшы іх лёс вельмі турбуе спадарыню Тамару:

“Гэта тое, аб чым мы цяпер думаем, і ня ведаем, што нам рабіць і як распарадзіцца гэтай спадчынай”.

Каб яна была больш даступная шырокай публіцы, на вэрнісажы прагучала прапанова сабраць сродкі на выданьне каталёгу твораў Яўгена Куліка.
XS
SM
MD
LG