Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найпапулярная забава менчукоў – паход у кіно


Летась сярэднестатыстычны жыхар Менску выдаткаваў на сфэру забаваў у горадзе толькі 13 даляраў. Менчукі адпачылі ў 2007 годзе на 23,5 мільёны даляраў. Самай папулярнай забаваю стала наведваньне кінатэатраў. Паводле папулярнасьці кіно апярэдзіла дыскатэкі і цырк. Чым прываблівае сёньня людзей кінатэатар?


Паход у кіно – амаль рытуал

Натальля Маленава, юрыст з адукацыі, апантанай прыхільніцай кіно сябе ня лічыць. Але стараецца не прапускаць прэм’ераў. Паход у кінатэатар – амаль рытуал:

“Ты рыхтуесься да гэтага, як да пэўнай падзеі. Настройваесься, што найбліжэйшыя дзьве гадзіны ты ў сьвеце кіно, ты ў яго ўпадаеш. Шырокі экран дае значна большы эфэкт прысутнасьці і магчымасьць заглыбіцца ў фільм...”

Самымі папулярнымі фільмамі летась у Менску сталі камэрцыйныя стужкі “Піраты Карыбскага мора”, “Ваўкадаў” ды “Гары Потэр”.

Аднак кіно “не для ўсіх” таксама карыстаецца попытам, кажа кіраўнік Менскага кінавідэапракату Васіль Коктыш:

“У гледача павінен быць выбар – на любы густ, хто што любіць. І кіно як мастацтва, і кіно камэрцыйнае, і кіно фэстывальнае. Мы паказваем фільмы з усіх прэстыжных фэстываляў сьвету. Я думаю, ніводная эўрапейская сталіца ня можа пахваліцца такой колькасьцю фэстывальнага кіно для высакалобых, як яны гэта называюць – так званага інтэлектуальнага кіно. У нас і “Фармат 4х4”, і “Акно ў Вэнэцыю”, і “Каннаманія”, і “Рэха Бэрлінскага кінафэстывалю”... Проста “Фармату 4х4” стала цесна, мы толькі 52 фільмы на год можам у гэтым фармаце паказаць”.

У канкурэнцыі з канапай і тэлевізарам – падвышаны камфорт і спэцэфэкты

У шэрагу кінатэатраў абсталяваныя залі з падвышаным камфортам. Утульнасьць каштуе грошай – квіткі даражэйшыя за звычайныя. Прыкладам, квіток на сэанс у звычайную залю кінатэатру “Мір” каштуе 7 тысячаў, а ў залю падвышанага камфорту – 9.

Але людзі ахвотна плацяць за камфорт, сьведчыць Васіль Коктыш:

“У кінатэатры “Мір” у нас вельмі сучаснае абсталяваньне і ёсьць магчымасьць трансьляваць адну стужку адначасова на дзьве залі. Дык вось “Іронію лёсу” мы трансьлявалі на дзьве залі. Першымі скончыліся больш дарагія квіткі ў больш камфортную залю. І людзі проста раздражняліся, што ім не хапіла даражэйшых квіткоў”.

“Кіно – гэта жывы арганізм”

Кінааналітык Ігар Сукманаў кажа, што кіно – гэта і бізнэс, і мастацтва. Кіно – жывы арганізм, якому ўласьціва ўсё – і камэрцыйны разьлік, і добрыя намеры. У тым яго сіла і слабасьць. Статус і рэзананс кіно залежаць і ад таго, як будуць яго прэзэнтаваць грамадзтву:

“Вялікую ролю адыгрывае ня толькі добрая арганізацыя пракату, але й тое, як даводзіць да ведама гледачоў, як рэклямаваць, прэзэнтаваць новыя праекты. Тое, што шукаюцца гэтыя новыя формы – “Фармат”, “Каннаманія”, “Абсалютнае кіно” (новы праект, які зьявіўся нядаўна) – гэта добра. На маю думку, сёньня ў Беларусі даволі спрыяльны момант для інтэлектуальнага кіно. Прынамсі, у Расеі пракатчыкі адмаўляюцца набываць для пракату кіно, над якім трэба думаць. Існуюць стэрэатыпы непрыняцьця, прыкладам, румынскага кіно. А ў Менску, ня ведаю, як у Беларусі наагул, на мой погляд, даволі ўдалы падыход знайшлі для працы з інтэлектуальным кіно”.

Сацыёляг Андрэй Ягораў тлумачыць папулярнасьць кіно як сацыяльнай зьявы:

“Кіно, як яшчэ Ленін пасьпеў заўважыць, зьяўляецца найгалоўнейшым з мастацтваў. Менавіта праз тое, што яно дазваляе задзейнічаць розныя ўзроўні трансьляцыі пэўнага зьместу. Яно закранае абсалютна ўсё: ад канцэптуальна-лягічных момантаў, нарматыўна-этычных, візуальных перажываньняў, дзякуючы якім чалавек можа атрымліваць асалоду эстэтычную, – да вельмі глыбокіх эмацыйных перажываньняў. І вось гэтая комплекснасьць кіно надае вялікую сацыяльную значнасьць гэтаму віду мастацтва ў наш час. Людзі там знаходзяць шмат адказаў на свае пытаньні ў выглядзе эстэтычных уражаньняў і перажываньняў”.

Цяпер у Менску – 17 кінатэатраў. Летась яны паказалі сваім наведнікам 306 прэм’ераў. У касах кінатэатраў менчукі пакінулі 12 мільярдаў рублёў. Сёлета на месцы кінатэатру “Беларусь” на вуліцы Раманаўская Слабада плянуюць адчыніць кінацэнтар з 5 залямі. Мяркуецца, што мультыплекс зможа абслугоўваць каля мільёну гледачоў за год.
XS
SM
MD
LG