Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля” і “Товарищ” былі пад арыштам нядоўга


Галоўны рэдактар газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч паведаміў “Свабодзе”, што міліцыянты Дубровенскага райаддзелу без тлумачэньня прычынаў вызвалілі арыштаваны імі грузавік з накладамі сьвежых нумароў газэт “Народная воля” і “Товарищ”:


“Мяркую, што міліцыянты пералічылі наклад абедзьвюх газэт, праверылі дакумэнты. Мажліва, што вывучылі інфармацыю ў Інтэрнэце, дзе ўвага ўсяго сьвету скіраваная да гэтага факту. І адпусьцілі”.

Сёньня “Свабода” паведамляла, што міліцыянты Дубровенскага райаддзелу міліцыі затрымалі наклады сьвежых нумароў газэт “Народная воля” і “Товарищ”. У сувязі з гэтым заснавальнік і галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч даў інтэрвію “Свабодзе” і агучыў заяву рэдакцыйнага калектыву:

“Міліцыя мусіць цяпер бандытаў там лавіць! Міліцыянты — хлопчыкі на пабягушках у іншых структураў. Мне проста сорамна за такую міліцыю. Няхай бы яны адразу адагналі гэтую аўтамашыну ў аддзяленьне КДБ. Няхай бы ў Воршу ці Менск прывезьлі. Няхай бы нейкая прэзыдэнцкая структура займалася. Гэта ж ня справа міліцыі. Праверылі на дарозе дакумэнты, ёсьць у кіроўцы пуцявы ліст — усё, бывайце здаровыя!

Я хачу заявіць, што гэта проста дзікунства. Спэцслужбы, якія жывуць за кошт падаткаплатнікаў, не навучыліся працаваць. Яны не навучыліся адпрацоўваць кожны рубель ад шараговых людзей. Як можна рабіць адно і тое ж?!”

Іосіф Сярэдзіч таксама паведаміў, што літаральна ў гэтыя дні віцебская міліцыя вярнула наклад “Народнай волі”, які быў арыштаваны яшчэ ў 2006 годзе. Міліцыянты затрымлівалі “Народную волю” і летась — у кастрычніку, на тэрыторыі Смалявіцкага раёну.
XS
SM
MD
LG