Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускім уладам трэба баяцца новых Плошчаў”


Сёньня спаўняецца два гады з пачатку падзеяў Менскай вясны 2006-га. “Беларускім уладам трэба баяцца новых Плошчаў”, — перакананыя арганізатары масавых акцыяў пратэсту, якія пачаліся ў Менску 19 сакавіка 2006 году. З тымі, хто пратэставаў тады супраць несумленных прэзыдэнцкіх выбараў, пагутарыў наш карэспандэнт.


Былы кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч лічыць пратэстны выхад людзей на Кастрычніцкую плошчу два гады таму выдатнай сымбалічнай падзеяй у гісторыі Беларусі — такой, як стварэньне БНР 90 гадоў таму:

“Калі кажуць, што вось тады мы не перамаглі, то я думаю, што на справе мы перамаглі многае ў саміх сабе. Тыя, хто ўзьняўся з каленяў і хто сёньня дапамагае іншым гэта зрабіць. Гэта мае і міжнароднае значэньне, бо мы заявілі пра сябе як пра народ, і цяпер ужо на Захадзе ня кажуць, што Беларусь трэба дэмакратызаваць праз Расею”.

Спадар Мілінкевіч перакананы, што беларускім уладам трэба асьцерагацца новых Плошчаў, новых масавых пратэстаў:

“Калі яны ня здолеюць дэмакратызаваць выбары і паступова пераходзіць да лібэралізацыі, то Плошчы непазьбежныя. Гісторыя цьвёрда паказвае: чым меней дэмакратыі на выбарах, тым болей людзей на плошчах і вуліцах”.

Для аднаго з арганізатараў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы Вячаслава Сіўчыка новае ў ацэнцы падзеяў 2006 году толькі адно:

“Шмат хто з тых, хто прымаў удзел у падзеях 2006 года, сёньня знаходзяцца пад крымінальным перасьледам. Сёньня ў Беларусі застаецца трое палітвязьняў, і я ведаю, што прынамсі двое зь іх — Андрэй Кім і Аляксандар Казулін — былі на Плошчы. Ведаю таксама, што большасьць з 14 чалавек, якія йдуць па справе аб акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня гэтага году, таксама былі падчас тых падзеяў на Плошчы”.

Вячаслаў Сіўчык перакананы, што новая Плошча ў Беларусі будзе, будуць новыя мірныя акцыі з патрабаваньнем перамен. Але ён мяркуе, што пакуль цяжка прагназаваць іх час.

Адзін з былых палітвязьняў, асуджаных пасьля Плошчы, маладафронтавец Зьміцер Дашкевіч упэўнены: у той сытуацыі нешта большае зрабіць было складана, але і тое, што было зроблена, яшчэ будзе мець свой плён:

“Я перакананы, што менавіта Плошча гэтая сталася тою мяжою, за якою пік уладарнасьці Лукашэнкі пачаў ужо апускацца ўніз”.

“Малады фронт”, на чале якога стаіць Зьміцер Дашкевіч, якраз напярэдадні другой гадавіны падзеяў на Плошчы выйшаў з Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Спадар Дашкевіч кажа, што гэта натуральны жыцьцёвы працэс, што і раней сярод апазыцыі не было сапраўднай еднасьці:

“Проста цяпер найбольш відавочнымі сталіся тыя хібы, якія існавалі ўжо падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году”.

Аляксандар Мілінкевіч таксама ня лічыць пазыцыю “Маладога фронту” разбурэньнем адзінства дэмакратычных сілаў:

“Гэта, відаць, канстатацыя факту, што трэба па-іншаму аб’яднаньне рабіць. Я думаю, усё йдзе да таго, што будуць два ўгрупаваньні: адно левае, больш прарасейскае, другое правацэнтрысцкае, прабеларускае, праэўрапейскае. Паміж сабою яны многае могуць зрабіць разам. Але яны маюць права на розныя каштоўнасьці”.
XS
SM
MD
LG