Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія iKobo згарнула дзейнасьць у Беларусі


Амэрыканская фінансавая кампанія iKobo Inc. абвясьціла, што спыняе абслугоўваньне кліентаў, якія жывуць ці знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі


На сайце кампаніі iKobo (https://ru.ikobo.com/enru/country_pages.html) Беларусь больш не фігуруе ў сьпісе краінаў, дзе абслугоўваюцца яе карткі. Уладальнікі картак iKobo Visa атрымалі паведамленьні, што кампанія больш ня можа аказваць ім паслугі ў зьвязку з абмежаваньнямі ўраду ЗША адносна Беларусі. Кліентам, якія маюць карткі, прапанавана зьняць грошы цягам пяці дзён. Дырэктар кампаніі “Інтэр-Сміт” Аляксандар Нікалайчук мяркуе, што нязручнасьці могуць тычыцца каля трох тысячаў карыстальнікаў картак iKobo ў Беларусі, пераважна праграмістаў, якія працавалі па аўтсорсінгу на заходнія кампаніі:
Ніхто ня хоча зь Беларусьсю зьвязвацца. Мы сталі як Чачэнія

“Ніхто ня хоча зь Беларусьсю зьвязвацца. Мы сталі як Чачэнія. Карткі iKobo банкаматы сталі проста “выплёўваць”. І, фактычна, выхад iKobo Visa — гэта ўдар па самой праграме Visa, яна ўжо ня поўная ў Беларусі. І чалавек, які прыедзе з-за мяжы ў Беларусь з карткай iKobo, тут грошай ня здыме. І калі яны прыедуць у Беларусь, ня ведаючы, што ў іх ёсьць праблема, яны могуць застацца бяз грошай”.

Разважаючы пра матывы, якія маглі паўплываць на рашэньне амэрыканскай кампаніі iKobo, Аляксандар Нікалайчук сказаў:

“Я думаю, альбо нейкія новыя санкцыі зьбіраюцца ўвесьці і iKobo неяк інфармаваная пра гэта, альбо — і гэта больш праўдападобна — ня хочуць нейкіх праблемаў зь беларускім рынкам. Прасьцей проста сысьці зь Беларусі зусім. На Беларусь ціснуць на нейкім патрыятычным узроўні”.

У “Прыёрбанку” ня сталі камэнтаваць сытуацыю: маўляў, кампанія iKobo ў Беларусі малавядомая.

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, адбываецца блякіроўка фінансавых плыняў ня толькі “Белнафтахіму”, але й разьлікаў паміж грамадзянамі і кампаніямі. Рашэньне кампаніі iKobo найперш адаб’ецца на іміджы Беларусі:

“Я думаю, гэта толькі пачатак новага этапу разбурэньня нашага іміджу. На жаль, гэта можа давесьці да сытуацыі, калі ў нашай краіне наагул ня будзе адказных інвэстараў і партнэраў, а будуць толькі оф-шоры, намэнклятура і бізнэс з краінаў, якія ня вельмі дбаюць пра сваю рэпутацыю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG