Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Афіцыйны Менск адклікаў свайго амбасадара ў Вашынгтоне "для кансультацыяў" у зьвязку з канфліктам паміж Беларусьсю і ЗША, які выкліканы ўвядзеньнем новых санкцыяў да канцэрну “Белнафтахім”. Хто вінаваты ў пагаршэньні міждзяржаўных дачыненьняў? Гэтым пытаньнем у мінакоў на вуліцах Менску цікавілася Галіна Абакунчык.


Карэспандэнтка: “Хто вінаваты ў пагаршэньні беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў?”

Юнак: “Я думаю, што амэрыканскі бок вінаваты ня менш, чым наш. Бо яны гнуць імпэрыялістычную палітыку, спрабуючы навязаць сваё меркаваньне і не жадаюць наладжваць дыялёг. Няхай нават і з нашай краінай, якая ня надта прэстыжная”.

Спадарыня: “Я лічу, што вінаваты, канечне, прэзыдэнт. Бо ягоныя паводзіны іншы раз не адэкватныя. І ў гэтым выпадку я лічу, што такая ж сытуацыя. Нешта паўплывала – нейкая падзея, нейкая падстава зьявілася – і ў выніку вось такая неадэкватная рэакцыя”.

Спадар: “Пазыцыя ўладаў такая. Рэжым, не рэжым, але кідаецца ў розныя бакі. Адсюль можна ўсе вытворныя выводзіць”.

Юнак: “Тут адназначна нельга сказаць, бо з аднаго боку тут маральная перавага на баку ЗША. Гэта іхны адказ, што Казуліна зьняволілі і не жадаюць адпускаць. А зь іншага боку ЗША парушаюць міжнародныя правы, бо ўмешваюць палітыку ў эканоміку. І ў прававым пляне большую рацыю мае менавіта МЗС Беларусі”.

Карэспандэнтка: “Хто вінаваты ў пагаршэньні беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў?”

Спадар: “Хто вінаваты? Я думаю ўрады абедзьвюх краінаў. Проста трэба садзіцца за стол перамоваў і спрабаваць знайсьці нейкі кампраміс. Больш я ня ведаю што сказаць.”

Спадарыня: “Пагаршаюцца адносіны. Дык жа і чуеш, што Лукашэнка заўсёды на Амэрыку валіць. Бацька заўсёды вінаваціць Амэрыку. Ужо думаецца, а ці не пара нам іншага прэзыдэнта выбраць? Можа ў нас былі б лепшыя адносіны?”

Спадар: “Вінаватыя часткова нашы. У кожным разе тое, што адбываецца, не ідзе на карысьць нашаму кіраўніцтву. І тое, што ўвялі санкцыі, то іх таксама ўводзяць не для ўсіх краін, асабліва ў такой галіне, як нафта”. Таму крыўдна, што нашае кіраўніцтва ня можа знайсьці агульнай мовы з такімі вялікімі дзяржавамі, як ЗША”.


XS
SM
MD
LG