Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міліцыя працуе на паказьнікі, а не для людзей”


“Праваахоўным органам Беларусі не ўдалося кардынальным чынам перарваць нэгатыўныя тэндэнцыі разьвіцьця крымінагеннай абстаноўкі", -- заявіў 18 сакавіка на нарадзе Аляксандар Лукашэнка. Якія праблемы на сёньняшні дзень галоўныя ў дзейнасьці беларускай міліцыі? Што варта зьмяніць у праваахоўнай сыстэме? На гэтыя пытаньні адказвае выконваючы абавязкі старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.


Цыганкоў: У Хэльсынскі камітэт прыходзіць шмат людзей са скаргамі на дзеяньні праваахоўных органаў. Працуючы зь імі, займаючыся іхнімі праблемамі, вы, напэўна, можаце скласьці сваё разуменьне таго, якія галоўныя праблемы стаяць перад беларускай праваахоўнай сыстэмай..

Гулак: “Галоўная праблема – тое, што паказьнікі засланілі патрэбы звычайных людзей. Міліцыя працуе на дасягненьне пэўных паказьнікаў у сваёй працы. За іх супрацоўнікі атрымліваюць прэміі, новыя пасады – і гэта замяніла працу з рэальнымі праблемамі.

І гэта галоўнае, што робіць дзейнасьць міліцыі непапулярнай сярод насельніцтва, робіць невялікім рэйтынг міліцыі”.

Цыганкоў: “На нарадзе Лукашэнка прывёў лічбы, што раскрывальнасьць злачынстваў зьніжаецца. Чым гэта можна патлумачыць і якія можна прапанаваць рашэньні галоўных праблемаў праваахоўных органаў. Што трэба зьмяніць, якія прыняць законы?”

Гулак: “Зноў жа паказьнік раскрывальнасьці – вельмі ўмоўны. Ён можа паварочвацца на той ці іншы бок вельмі штучна. Не па такіх крытэрах трэба ацэньваць дзейнасьць органаў. Галоўнае, каб яны былі ськіраваныя на абарону інтарэсаў людзей. Для гэтага мусіць быць перабудаваная дзейнасьць міліцыі і судовай сыстэмы.

Сытуацыя такая, што ўрэшце супрацоўнікі міліцыі рыхтуюць справы для пазьнейшай судовай працэдуры. Уся гэтая сыстэма ў комплексе мае вялікія хібы і не спрацоўвае. Неэфэктыўнасьць, неразумнасьць, неськіраванасьць на інтарэсы грамадзянаў судовая сыстэма таксама цягне за сабой і хібы ў дзейнасьці міліцыі.”

Цыганкоў: “Пасьля такой рэзкай крытыкі на адрас праваахоўны’х органаў з боку кіраўніка дзяржавы ў многіх краінах міністар унутраных справаў падаў бы ў адстаўку. У Беларусі такога не адбылося. Чаму?”

Гулак: “У дзейнасьці нашых дзяржаўных органаў увогуле няма традыцыі самім сыходзіць у адстаўку. Гэта ўжо выключны крок. Звычайна чыноўніка выпіраюць зьверху – прычым з вельмі адмоўнымі ацэнкамі працы.

Выглядае, што кіраўнікі нашых праваахоўных органаў не настолькі самастойныя, не настолькі асобы, якія цалкам адказваюць за свой кавалак працы і нясуць маральную адказнасьць перад людзьмі. Я не магу прыгадаць, калі б беларускі чыноўнік сказаў, што ён нешта не зрабіў і пайшоў у адстаўку. У нас такога проста няма”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG