Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Шыркі: Беларускі флэш-моб як фактар зьменаў


Нью-ёрскі прафэсар Клэй Шыркі перакананы, што “здольнасьць сучасных людзей аб’ядноўвацца і дзейнічаць без усялякай на тое фінансавай падтрымкі, ёсьць сапраўдным выклікам грамадзтву”. У сваёй кнізе "Here Comes Everybody" Шыркі спыняецца на прыкладах флэш-мобаў у Беларусі. Вядомы “сецевы мысьляр” (так называюць аўтара ў кампутарным сьвеце), кансультант кампаніяў ВВС, Nokia ды Бібліятэкі Кангрэсу ЗША піша, як сацыяльныя сеткі ды Інтэрнэт мяняюць палітыку, грамадзтва, навакольнае жыцьцё. Прэзэнтацыя новага твору амэрыканскага дасьледчыка з посьпехам прайшла ў шэрагу гарадоў ЗША.


У часе апошняй прэзэнтацыі кнігі ў Сіэтле Клэй Шыркі сказаў, што “тэма самаарганізаваных рухаў, іхнага ўплыву на таталітарныя грамадзтвы, масавую культуру і бізнэс, тое, што найбольш хвалюе яго сёньня”.

Клэй Шыркі спыніўся на беларускіх прыкладах. Так моладзь Беларусі, паводле ягоных словаў, актыўна выкарыстоўвае флэш-мобы з тым, каб дамагчыся зьменаў у грамадзтве. Напачатку гэта выглядала як забава. Маладыя людзі распаўсюджвалі ў сеціве інфармацыю пра правядзеньне нейкай акцыі, а ў часе сустрэчы рабілі штосьці бяскрыўднае.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, студэнты сабраліся у цэнтры Менску з нумарамі прэзыдэнцкай газэты і сталі рваць яе на маленькія кавалкі
“Потым іхныя акцыі набылі грамадзкае гучаньне. Так пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, студэнты сабраліся у цэнтры Менску з нумарамі прэзыдэнцкай газэты і сталі рваць яе на маленькія кавалкі... Беларускія студэнты, не зьвяртаючы ўвагу на забарону масавых сходаў, сустракаюцца ў публічных месцах, каб прадэманстраваць сваю сумесную сілу. Яны знаходзяць падтрымку сярод іншых людзей”, кажа Клэй Шыркі.

У кнізе "Here Comes Everybody" аўтар прыводзіць і такі прыклад беларускага флэш-мобу:

“Аднойчы беларускія студэнты сабралася і разам елі марозіва. Яны здымалі гэта на відээ. Нарэшце, выставілі ў Інтэрнэце зьнятыя кадры, у тым ліку і тыя, як міліцыя арыштоўвала ўдзельнікаў акцыі. Нішто ня кажа пра дыктатуру гучней, чым затрыманьні людзей за тое, што яны елі марозіва”, перакананы амэрыканскі дасьледчык.

У сваё кнізе Клэй Шыркі надае шмат увагі і такой з’яве як “блогі і блогеры”. Паводле яго, блогі ўплываюць на палітыку і грамадзтва, дзякуючы сваёй высокай канкурэнтаздольнасьці. У гэтым асяродку ўсё адбываецца надзвычай хутка -- менш пасьпяховыя блогі зьнікаюць значна хутчэй за дрэнныя выданьні, радыё- ды тэлекампаніі.
Аднак, падкрэсьлівае Клэй Шыркі, зь гледзішча распаўсюджаньня маштабных ідэй, “выдавецкая індустрыя ўсё ж лепшая за Інтэрнэт”.

“Заўсёды лепш напісаць штосьці за 12 месяцаў памерам у 80.000 словаў, чым за 12 тыдняў у 8.000 ці за 12 хвілінаў у 800 слоў”, лічыць амэрыканскі сецявы мысьляр, аўтар кнігі "Here Comes Everybody" Клэй Шыркі.







XS
SM
MD
LG