Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе падляская мова?


У інтэрнэце зьявіўся сайт падляскай мовы.


Як сьцьвярджаюць стваральнікі сайту Ян і Алесь Максімюкі, ён створаны для “разьвіцьця і адладкі пад пісьмовы стандарт новай усходнеславянскай мовы – падляскай, на дыялектах якой размаўляюць прыблізна 50 000 чалавек ва ўсходняй частцы Польшчы, што завецца Падляшшам і, магчыма, ня менш за 500 000 чалавек у Беларусі і Ўкраіне”. Ці сапраўды існуе падляская мова, ці ёсьць у яе пэрспэктывы, разважаюць беларускія і польскія лінгвісты.

Алесь Максімюк: “Не для расколу гэта робіцца, а для культурнай тоеснасьці”

Адзін са стваральнікаў сайту Алесь Максімюк, які стала жыве на Беласточчыне, тлумачыць:

“Тое, што мы назвалі падляскай мовай, прынамсі, у пэрспэктыве майго жыцьця існуе заўсёды. Тое, што я цяпер прамаўляю ў эфіры літаратурным варыянтам беларускай мовы, адбылося пазьней. Маёй унутранай мовай, мовай маналёгу сьвядомасьці заўсёды была мова, якая прапаведуецца на тым сайце. Некалькі дзясяткаў тысяч падляшоў падчас перапісу насельніцтва ў Польшчы сябе назвалі беларусамі. У беларусаў ёсьць некалькі варыянтаў гэтых моваў. Не для расколу гэта робіцца, а папросту для такой культурнай тоеснасьці”.

Прафэсар Ніна Баршчэўская: “Гэтыя гаворкі акрэсьліваюцца як гаворкі пераходнага тыпу, беларуска-ўкраінскія”

Прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Ніна Баршчэўская, якая таксама родам зь Беласточчыны і ўсё жыцьцё вывучае і беларускую літаратурную мову, і мясцовыя гаворкі, кажа:

“Калі гаварыць пра падыход да гэтых гаворак, то ў навуковай літаратуры яны дагэтуль акрэсьліваліся як гаворкі пераходнага тыпу, беларуска-ўкраінскія. Чым далей на поўдзень з поўначы, становіцца ўсё меней беларускіх рысаў і больш рысаў украінскіх. З аднаго боку, ёсьць частка гаворак “акаючых” і “дзекаючых”, з другога боку, ёсьць гаворкі, якія Ян Максімюк акрэсьлівае як падляскую мову”.

Прафэсар Генадзь Цыхун: “Такіх праектаў мікралітарурных моваў шмат”

Беларусі прафэсар, адмыслоўца ў славянскіх мовах Генадзь Цыхун ня раз быў у тых краях і добра ведае гаворкі ўсходняй Польшчы. Ён выказаў такое меркаваньне:

“Літаратурную мову можна стварыць на любой аснове. І такіх моў можа быць безьліч. Іншая справа, што звычайна, каб натуральным шляхам узьнікла такая літаратурная мова, трэба, каб была нейкая база. Як правіла, гэта зьвязана з тым, што нейкія гаворкі фармуюцца на базе нейкага інавацыйнага цэнтру. На жаль, я думаю, як заходнепалескія гаворкі, так і падляскія, не зьяўляюцца базай інавацыйных зьяў, на аснове якіх можа ўзьнікнуць такая мова. Тут нічога страшнага няма, такіх праектаў вельмі многа, у славістыцы гэта праблема так званых мікралітаратурных моў.

Іншая справа – ці дастатковая база, каб пацягнуць на шырокае ўжываньне, на поўны спэктар ужываньня літаратурных моў, ці не завузкая яна?”

Лінгвіст Зьміцер Саўка: “Мы ня можам сабе дазволіць далей драбніцца”

Беларускі лінгвіст Зьміцер Саўка перакананы, што калі б беларуская мова мела шырокае ўжываньне, калі б усе размаўлялі па-беларуску, то мела б сэнс падтрымліваць мясцовыя дыялекты. Гэта толькі б узбагачала наш сьвет. Аднак цяпер, кажа Зьміцер Саўка...

“Мы, на жаль, ня можам сабе дазволіць такой раскошы далей драбніцца. Вядома, гэта кепска для пэрспэктываў беларускай мовы, і, думаю, гэта кепска для носьбітаў самой падляскай мовы, бо наўрад ці ім удасца адстаяць пэрспэктывы для сваёй мовы, а хутчэй за ўсё яны страцяць пэрспэктывы сваёй мовы, хутчэй за ўсё яны страцяць і сваю гаворку, і так і не даплывуць да мовы беларускай агульнай. Гэта ўсё скончыцца па тэрыторыі Польшчы палянізацыяй і толькі аслабіць беларускі рух”.

Прафэсар Ніна Баршчэўская: “Моладзь будзе вельмі складана затрымаць пры беларускасьці”

Што да пэрспэктываў падляскай мовы прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Ніна Баршчэўская выказала такое меркаваньне:

“У межах Польшчы ідуць вельмі хутка асыміляцыйныя працэсы, і моладзь хутка страчвае беларускую мову ці гэтыя гаворкі, а таксама беларускую ідэнтычнасьць. Моладзь становіцца моладзьдзю польскай. З аднаго боку, ёсьць ужо на Падляшшы спробы пісаць па-свойму. Гэтую гаворку можна пачуць, напрыклад, слухаючы Беластоцкае радыё. Незалежна ад таго, што гэтая мова ўспрымаецца як свая, аднак у людзей назіраецца павольны адыход ад усяго, што зьвязана з адметнасьцю беларусаў. Людзі ня любяць выдзяляцца, яны папросту дзеля лягчэйшага жыцьця памалу асымілююцца. На жаль, моладзь, відаць, будзе вельмі складана затрымаць пры беларускасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG