Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд: існаваньне “гомельскага Бангалору” законнае


Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Віктар Казачок адхіліў пазоў семярых дэмакратычных актывістаў наконт прызнаньня рашэньня Гомельскага гарвыканкаму аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў неадпаведным заканадаўству.


Падпісант пазову, каардынатар стваранага руху “За Свабоду” Ўладзімер Кацора так пракамэнтаваў вырак судзьдзі:

“Гэта яшчэ раз пацьвярджае, што суды ў нас залежныя ад уладаў. Мы ўжо колькі гадоў ня можам правесьці па самых надзённых пытаньнях – адмене сацыяльных льготаў, чарнобыльскіх наступствах, – ні мітынгаў, ні шэсьцяў, хаця замоваў падавалі дзясяткі”.

У судзе Ўладзімер Кацора й кіраўнік абласной арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка патлумачылі, што, усталяваўшы сваім рашэньнем адно-адзінае месца для правядзеньня сходаў, мітынгаў, пікетаў – пляцоўку ля ДК таварыства глухіх “Віпра”, гарвыканкам істотна парушыў правы грамадзянаў на свабоду слова, сходаў, мітынгаў, шэсьцяў. Усё гэта гарантавана людзям Канстытуцыяй і ўзятымі Беларусьсю на сябе міжнароднымі абавязацельствамі.

Згадваўся й такі прыклад: каб выказаць свай пратэст, напрыклад, супраць смуроду вакол мяса- й тлушчакамбінатаў, жыхары Навабеліцкага раёну павінны ехаць на пікет на супрацьлеглы бок горада – на так званы “гомельскі Бангалор”, дзе жывуць людзі, якім незнаёмыя праблемы Навабеліцы.

За апошнія тры гады гарвыканкам наагул ня даў дазволу ні на адну масавую акцыю, якія замаўлялі дэмакратычныя актывісты.

Прадстаўніца гарвыканкаму Паліна Лабанава не прызнала прэтэнзій пазоўцаў да рашэньня гарвыканкаму наконт вызначэньня аднаго пэўнага месца для правядзеньня сходаў, мітынгаў і пікетаў. Паводле яе, рашэньне гарвыканкаму абумоўлена інтарэсамі бясьпекі й грамадзкага парадку.

Такой пазыцыі трымаўся й судзьдзя Казачок, калі тлумачыў адмову прызнаць рашэньне гарвыканкаму неадпаведным заканадаўству.

“Ня толькі ў Гомелі – гэта ў цэлым ў рэспубліцы ўсталявана такая сытуацыя, пры якой парушаюцца правы грамадзянаў на свабоду выказваньняў, мітынгаў. Гэта робяць прадстаўнікі цяперашняга рэжыму дзеля таго, каб людзі нічога не маглі сказаць. Яны баяцца выслухаць людзей, баяцца іх выступленьняў.

А суды ў нас на сёньняшні дзень – несамастойная галіна ўлады. Яны выконваюць тое, што ім скажуць тыя ж выканаўчыя органы ўлады”, – лічыць пазоўца ў суд, кіраўнік абласной арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG