Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: мітынгу і шэсьця да Дня волі не дазволілі


Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў групе грамадзянаў правесьці ўрачыстых шэсьця й мітынгу да 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.


Сваю пастанову гарвыканкам абгрунтаваў тым, што месца правядзеньня мітынгу не ўпарадкаванае.

Пра рашэньне гарвыканкаму паведаміла начальніца аддзелу ідэалягічнай працы Ала Галушка аднаму з заяўнікаў Мікалаю Расюку, якога спэцыяльна запрасілі на гутарку ў гарвыканкам.

Паводле спадара Расюка, Ала Галушка паабяцала, што асабіста прывязе яму да хаты пастанову гарвыканкаму.

Другі заяўнік Юры Новікаў паведаміў “Свабодзе”, што неатрыманьне пісьмовых паведамленьняў пра рашэньне гарвыканкаму зьяўляецца парушэньнем Закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

“Заканадаўства абавязвае чыноўнікаў інфармаваць заяўнікаў пра свае рашэньні за пяць дзён да пачатку мерапрыемстваў. Сёньня мы ўжо павінны былі мець на руках рашэньне гарвыканкаму. Яго мы не атрымалі. Парушэньне закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” стане нагодай для скаргі ў суд”, зазначыў Юры Новікаў.

Мітынг меўся адбыцца 23 сакавіка ў вызначаным уладай месцы правядзеньня публічных мерапрыемстваў — на пляцоўцы перад Палацам культуры й адпачынку Магілёўскага гарвыканкаму.

Палац культуры й адпачынку гарвыканкаму знаходзіцца ў аварыйным стане. У будынку не праводзіцца ніякіх мерапрыемстваў. 16 сьнежня на пляцоўцы перад Палацам праходзіў дазволены ўладамі пікет супраць скасаваньня льготаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG