Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Кур’яновіча арыштавалі на 15 сутак <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Актывіста моладзевага руху “Джынс за свабоду” Паўла Кур’яновіча суд Савецкага раёну Менску арыштаваў на 15 сутак за ўдзел у пікеце насупраць амбасады Кітая.


Удзельнікі акцыі патрабавалі свабоды Тыбэту. Паплечнікі Паўла лічаць, што жорсткі прысуд — яшчэ й прэвэнтыўны захад дзеля таго, каб ізаляваць актывіста напярэдадні масавай вулічнай акцыі 25 сакавіка.

Сябры Паўла Кур’яновіча некалькі гадзінаў чакалі ў судзе Савецкага раёну Менску, пакуль яго прывязуць. Паводле міліцэйскіх рапартаў, 17 сакавіка каля будынку кітайскай амбасады Павал зь дзяўчынай трымалі расьцяжку з надпісам па-ангельску: “Свабоду Тыбэту”.

Юнак трымаў яшчэ й бел-чырвона-белы сьцяг. У першым рапарце было напісана, што гэта сьцяг БНФ, а ў другім — БНР.

Судзьдзя Натальля Скугарава пакарала Паўла Кур’яновіча арыштам на 15 сутак.

У судовай залі Павал паведаміў “Свабодзе”:

“Я супраць таго, каб забівалі мірных жыхароў, якія змагаюцца за незалежнасьць сваёй краіны. У нас усе ведаюць пра зьнікненьні вядомых палітыкаў. А тут хоць і ня лідэраў, але іх было значна больш. Я папросту выказаў салідарнасьць зь людзьмі, якія, як і я, змагаюцца за незалежнасьць сваёй краіны”.

Паплечнікі Паўла лічаць ягоны арышт яшчэ й прэвэнтыўным захадам напярэдадні сьвяткаваньня Дня Волі. Гаворыць Максім Вінярскі:

“Цалкам магчыма, што такі жорсткі прысуд ёсьць страхоўкай перад 25-м, каб ён не патрапіў на нашае агульнанацыянальнае сьвята, якое будуць сьвяткаваць на вуліцах нашага горада”.

Алесь Чарнышоў дадаў:

“Разумею, што гэта прэвэнтыўны арышт напярэдадні сьвяткаваньня Дня Волі. Канечне ж, гэта жахліва”.

Павал Кур’яновіч ня першы раз будзе адбываць арышт у турме на вуліцы Акрэсьціна. Напярэдадні “Эўрапейскага маршу” яго арыштавалі на 10 сутак за расклейку налепак. За ўдзел у акцыі салідарнасьці Павал адседзеў 20 сутак.

У турме на вуліцы Акрэсьціна знаходзіцца яшчэ адзін актывіст моладзевага дэмакратычнага руху — Зьміцер Касьпяровіч, якога ўчора арыштавалі на 12 сутак.
XS
SM
MD
LG