Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка папярэдзіў пра зьнешнія пагрозы


Belarus -- President Alyaksandr Lukashenka, 12Feb2008

Belarus -- President Alyaksandr Lukashenka, 12Feb2008

Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі сілавых структураў. Абмяркоўваліся пытаньні абароназдольнасьці, правапарадку і дзяржаўнай бясьпекі. Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў дзяржаўныя ведамствы ў тым, што ў сытуацыі палітычнай напружанасьці, якая ўзьнікае вакол Беларусі, яны бязьдзейнічаюць.


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам Беларусь можа апынуцца ў цэнтры новай, больш напружанай сытуацыі, якая запатрабуе адэкватнага рэагаваньня з улікам нацыянальных інтарэсаў. Прывёўшы ў якасьці прыкладу “падвойныя стандарты” Захаду датычна Косава, ён папярэдзіў пра пагрозу “аднабаковага падзелу палітычнай мапы Эўропы”. На думку Лукашэнкі, фактычна вырашанае пытаньне аб разьмяшчэньні паблізу ад беларускіх межаў элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны “падрывае стратэгічную стабільнасьць”.

Ці мае права афіцэр марыць пра кватэру?

Між тым, абурыўся кіраўнік Беларусі, у такой напружанай сытуацыі афіцэрскі корпус больш гаворыць не пра гатовасьць абараняць дзяржаву, а пра праблемы тылу. Лукашэнка сказаў, што не разумее такіх афіцэраў: “Кожны павінен жыць нармальна, але ў ніводнага афіцэра гэта не павінна быць на першым пляне”.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі лічыць, што адмежаваць праблемы побыту ад армейскіх будняў немагчыма. Пакуль беларускі афіцэр будзе вечна бадзяцца па інтэрнатах, чакаць ад яго вялікай самааддачы цяжка:

“Ён сказаў чыстую праўду, калі меў на ўвазе праблемы побыту. Афіцэр сёньня пастаўлены сапраўды ў прыніжанае становішча. Жыльля бясплатнага няма, усіх ільготаў яны пазбаўленыя. Таму ён меў рацыю, калі казаў, што афіцэр больш заняты вырашэньнем праблемы, як выжыць у мірных умовах, а не ў гіпатэтычных баявых. Ёсьць палкоўнікі, якія даслужыліся да такога званьня і свайго кута ня маюць. Сем тысяч бескватэрных у войску! Такім невялікім, як нашае. Таму насамрэч праблема дзікая і Лукашэнка казаў праўду. Іншая справа, зь якім “ёрнічаньнем” гэта было сказана. Вось гэта ўжо іншы бок”.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, істотна ўскладняюць сытуацыю вакол Беларусі санкцыі ЗША супраць канцэрну “Белнафтахім” і прадпрыемстваў галіны. Аднак, удакладніў Лукашэнка, для краіны гэта “не забойча”: “Жылі дагэтуль, цяпер жывём ува ўмовах так званых санкцый, і жыць будзем”, — падсумаваў ён. У час узмацненьня напружанасьці і спробаў умяшаньня ва ўнутраныя справы краіны растуць патрабаваньні да Камітэта дзяржбясьпекі, які, паводле словаў кіраўніка краіны, пакуль не спраўляецца з задачамі лякалізацыі замахаў на канстытуцыйны лад.

Які камфорт забясьпечаць сілавыя структуры?

Ня меншая праблема, чым зьнешні фактар, — адсутнасьць унутранай дысцыпліны ў саміх сілавых структурах. Па-першае, зрабіў выснову Лукашэнка, праваахоўным органам так і не ўдалося кардынальна спыніць тэндэнцыі да абвастрэньня крымінагеннай сытуацыі. Па-другое, яго абураюць факты карупцыі ў ведамствах, адказных за барацьбу з гэтай зьявай. Дзясяткі супрацоўнікаў МУС, КДБ, іншых дзяржаўных падразьдзяленьняў затрыманыя падчас атрыманьня хабару ці злоўжываньня службовым становішчам.

Былы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын нагадвае, што Лукашэнка сам прыйшоў да ўлады ў немалой ступені на антыкарупцыйнай хвалі. Аднак у эфэктыўнасьці сучасных мэтадаў змаганьня з карупцыяй Леанід Сініцын сумняецца:

“Канечне, фармальна ён змагаецца. Ён жа ня будзе як прэзыдэнт маўчаць, калі яму дакладваюць, што дзесьці нешта такое адбываецца. Аднак мэтады барацьбы неэфэктыўныя. Яны, калі можна сказаць, хірургічныя. То бок, нарыў на пальцы зьявіўся, забалела — палец адсеклі. А можна ж было лячыць, каб гэты нарыў у далейшым не зьяўляўся. Зараз, па сутнасьці, улада знаходзіцца ў чыноўнікаў. І яны, гэтыя чыноўнікі, самі для сябе законы пішуць. Прыкладам, у той жа Расеі карупцыя ўжо даўно ў законе. Усё, што ў Расеі крадзецца, гэта паводле закону. А хто законы прыдумляе? Чыноўнікі, пад сябе і пішуць. І Беларусь паступова да гэтага скочваецца. Таму, разумееце, трэба шырэй глядзець на гэтую карупцыю і на магчымасьці рэальнай барацьбы зь ёй”.

Насуперак чаканьням, Аляксандар Лукашэнка ніяк не адрэагаваў на нядаўняе здарэньне, да якога спрычыніліся супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў. Гаворка пра спробу спыніць 2 сакавіка п’янага кіроўцу так званым “жывым шчытом” з прыватных легкавых аўто, у якіх знаходзіліся кіроўцы і пасажыры. Толькі праз шчасьлівы выпадак ніхто не загінуў. Начальнік Дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі, а таксама кіраўнікі Менскай абласной ДАІ і ДАІ Кастрычніцкага раёну атрымалі толькі службовыя вымовы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG