Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Санкцыі адносна Беларусі не парушаюць абавязкі перад АБСЭ”


ЗША, ўводзячы санкцыі супраць некаторых асобаў, што падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі, а таксама супраць прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім», не парушылі абавязкі, ўзятыя на сябе перад АБСЭ. Такую заяву ўрабіў у Вене перад Сталай Радай АБСЭ часовы павераны ЗША Кайл Скот.


"Нашы дзеяньні адпавядаюць нашым абавязкам як перад АБСЭ, гэтак і перад беларускім народам," -- падкрэсьліў дыплямат.

Ён заявіў, што абвязкі, прынятыя ў сфэры чалавечага вымярэньня АБСЭ, "зьяўляюцца прадметам наўпроставай і законнай занепакоенасьці ўсіх краін-удзельніц і не зьяўляюцца выключна унутранымі справамі".

Паводле яго ЗША асабліва расчараваныя абвінавачваньнем у тым, што дзеяньні амэрыканскага ўраду зьяўляюцца замахам на сувэрэнітэт Беларусі і скіраваныя на атрыманьне незаконнай выгады.

Кайл Скот паведаміў, што ўрад ЗША неаднаразова інфармаваў беларускія ўлады, што працягне рабіць пэўныя дзеяньні адносна службовых асобаў, адказных за парушэньне правоў чалавека, гэтак жа, як і адносна арганізацый, якія зьяўляюцца ўласнасьцю гэтых людзей ці знаходзяцца пад іх кантролем.

Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ заявіў, што санкцыі скіраваныя толькі супраць тых, хто датычны да парушэньня правоў чалавека і не скіраваныя супраць беларускага народу. «Мы спрабуем дапамагчы народу Беларусі скарыстацца асноўнымі правамі. Мы адзначаем, што многія з краінаў-сябраў АБСЭ таксама ўжылі санкцыі адносна асобаў, адказных за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі» - сказаў Кайл Скот.

Ён заклікаў беларускія ўлады вызваліць Аляксандра Казуліна і тым самым "спрыяць дыялёгу аб паляпшэньні адносінаў".
XS
SM
MD
LG