Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што звольнілі вясковую настаўніцу?


Настаўніца пачатковых клясаў Вуцеўскай сярэдняй школы Добрускага раёну Клаўдзія Варанец зьвярнулася з пазовам у суд з прычыны звальненьня з працы. Заяўніца лічыць, што адміністрацыя чыніць перасьлед за яе палітычныя перакананьні.


Сёньня звольненая настаўніца трапіла ў мясцовы шпіталь. Дыягназ — гіпэртанічны крыз. У інтэрвію “Свабодзе” Клаўдзія Варанец паведаміла:

“Я, як ліквідатар Чарнобыльскай аварыі, маю шмат праблем са здароўем. Пра гэта ведаюць у школе. Я — настаўніца вышэйшай катэгорыі, у школе працую больш за трыццаць гадоў. Ніколі ў жыцьці не прапускала ніводнага ўроку. Нават не лічылася са сваім вольным часам летам, у час адпачынку — езьдзіла, адведвала сваіх дзетак, рабіла ўсё магчымае, каб ім толькі было добра”.

Са словаў Клаўдзіі Варанец, месяц таму з прычыны праблемаў са здароўем яна папрасілася ў адпачынак:

“У лютым я падышла да дырэктаркі школы Ганны Станкевіч і папрасіла дазволу на адпачынак. У мяне выдалася магчымасьць адпачыць за мяжой. Праз чатыры тыдні, калі вярнулася дадому, мне сказалі, што я звольненая за прагул. Для мяне гэта сталася шокам”.

Сваё нечаканае звальненьне спадарыня Варанец зьвязвае з актыўнай грамадзкай пазыцыяй яе і мужа. Адам Варанец тлумачыць:

“Галоўная прычына звальненьня маёй жонкі — гэта тое, што я займаюся грамадзкай дзейнасьцю. Уладам гэта не падабаецца. Ціск на маю сям’ю працягваецца, падставу яны знайшлі. Хочуць выбіць сям’ю з раўнавагі. Хутка выбары ў парлямэнт, а Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вылучылі мяне балятавацца ў раёне кандыдатам у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў”, — сказаў вясковы пэдагог і грамадзкі актывіст спадар Варанец.

Сёньня начальнік аддзелу кадраў Добрускага райаддзелу адукацыі Віктар Вайцянок спрабаваў вярнуць настаўніцы Клаўдзіі Варанец працоўную кніжку. Матывы гэтага ён камэнтаваць “Свабодзе” адмовіўся:

“Я — выканаўца. Даручылі мне, то я й раблю. Разумееце?”.

Ад прапановы пагутарыць адмовілася і дырэктарка Вуцеўскай школы Ганна Станкевіч:

“Я не магу вам даць аніякага інтэрвію...”

Праваабаронца Леанід Судаленка разважае:

“Дырэктарка школы насамрэч не прымала рашэньня аб звальненьні настаўніцы Клаўдзіі Варанец. Рашэньне вызначылі ў аддзелах ідэалёгіі. Я рыхтаваў пазоў у суд. Мяркую, што цягам 10 дзён будуць позвы да чыноўнікаў у суд для канкрэтнага разгляду справы”.

На здымку: Клаўдзія і Адам Варанцы.


XS
SM
MD
LG