Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мне, пэнсіянэру, давялося адмовіцца ад некаторых прадуктаў харчаваньня”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 18 сакавіка, аўторак.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



25 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі адзначае гэтую дату мастацкімі і палітычнымі імпрэзамі. У гонар юбілею БНР у Эўрапарлямэнце прайшоў тыдзень Беларусі. Тэлефанаваньні слухачоў:

Спадар: “Я хачу павіншаваць усю прагрэсіўную грамадзкасьць Беларусі з 25 Сакавіка. Да пераменаў! Госпадзі, дапамажы нашай Беларусі, каб яна выйшла з гэтай лукавіны. Госпадзі, дапамажы!”

Ніна Ярмалінская: “Зь якой такой вялікай ласкі лідэр камуністаў Сяргей Калякін быў запрошаны за мяжу на сьвяткаваньне 90-х угодкаў БНР? А сапраўдныя змагары за незалежнасьць і дабрабыт нашай Бацькаўшчыны Віктар Івашкевіч, Вячаслаў Сіўчык ды іншыя засталіся чамусьці незаўважанымі”.

На пытаньне адказвае намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Думаю, што шырокі склад дэлегацыі, запрошанай Эўрапарлямэнтам, якраз быў вельмі карысны. Бо ў любой нацыі павінны быць рэчы аксіяматычныя, каштоўнасьці, якія не падлягаюць дыскусіі. І калі гэтыя каштоўнасьці прызнаюцца ўсімі, то тады нацыя можа ісьці далей і вырашаць ужо іншыя больш дэталёвыя і больш прыватныя пытаньні”.

Далей выказваньні на адрас апазыцыі і ўлады:

Віктар: “Наконт галадоўкі Алкаева і Скрабца. Я так разумею, што гэта раскрутка новага лідэра апазыцыі. Застаецца спадзявацца, што хутка лідэрамі апазыцыі стануць Пракаповіч, Сідорскі, Мясьніковіч і нарэшце сам Лукашэнка. Наконт “Маладога Фронту”. Малайцы, маладзёны! Нарэшце зразумелі, што хопіць слухаць былых паплечнікаў Лукашэнкі, а можа, і агентаў спэцслужбаў”.

Віктар Буто: “У мяне вельмі сур’ёзнае пытаньне, на якое ніхто не жадае адказваць: хто ў Беларусі больш небясьпечны — генэралы і чыноўнікі ці іх падначаленыя? Усе яны здольныя адабраць у грамадзяніна любыя канстытуцыйныя правы і свабоды. Дзякуй”.

На пытаньне адказвае палітоляг Алег Лагвінец:

“На маю думку, у нас у Беларусі самай небясьпечнай зьяўляецца пабудаваная сыстэма, якая не абараняе правы людзей. Вінаватая ўся тая сыстэма, якая прыніжае беларускі народ і вымушае яго быць заўжды залежным ад рознага кшталту начальнікаў”.

Наступныя выказваньні на тэму росту коштаў на прадукты харчаваньня:

Спадар: “Цяпер прапаганда кажа пра тое, што трэба падвышаць кошты на прадукты сельскай гаспадаркі. Вось яны агучылі ўказ прэзыдэнта пра закупачныя цэны па ўсіх каналах. Гэта называецца эканамічная палітыка. Яны кажуць, што ва ўсіх краінах падвышаюць. Але ня трэба забываць, што ў гэтых краінах заробкі ў 14—20 разоў большыя, чым у Беларусі, і пэнсіі ў тым ліку”.

Ільля Копыл, Менск: “На мінулым тыдні на беларускіх тэлеканалах быў паказаны рэпартаж пра тое, што грамадзяне Беларусі сталі купляць у гэтым годзе значна менш прадуктаў харчаваньня, чым у 2007 годзе. На поўным сур’ёзе і нават узьнёсла было сказана, што гэта адбылося таму, што ўзрос жыцьцёвы ўзровень і людзі сталі купляць адзеньне, мэблю, кампутары, аўтамабілі. Я сам адмовіўся ад некаторых прадуктаў харчаваньня. Але не таму, што жыць стаў лепш, а таму, што зьбяднеў. Пэнсія ўзрасла на 6%, а цэны на некаторыя прадукты харчаваньня ўзрасьлі ўдвая. Дзякуй за ўвагу”.

Працягваем праграму выказваньнем наконт ранейшых праграм Радыё Свабода:

Спадар Парэмскі: “Хачу падзякаваць вашаму карэспандэнту Ігару Карнею за добры матэрыял, які прагучаў у эфіры 7 сакавіка. Гэта рэдкая ўдача, калі адным тэлефонным званком можна яскрава пацьвердзіць справядлівасьць аргумэнта слухача. Я ў сваім звароце да камунальшчыкаў сьцьвярджаў, што сярод іх зашмат сваякоў, сябрукоў ды лайдакоў. А той невядомы чыноўнік, які адказваў вам па тэлефоне, пачуўшы пра гэта, мабыць, падсьвядома пазнаў сябе сярод іх ды кінуўся ў лаянку ды абразы на адрас чалавека, якога і ў вочы ня бачыў. Гэтым ён пацьвердзіў факт, што, акрамя сваякоў, сябрукоў ды лайдакоў, у міністэрстве ёсьць і звычайныя хамы. Дзякуй табе за гэта, баязьлівы невядомы чыноўнік, бо ты не асьмелісься назвацца і будзеш хавацца за ананімнасьцю”.

XS
SM
MD
LG