Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Управа юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму зарэгістравала дабрачыннае грамадзкае аб’яднаньне “Кропля жыцьця”.


Сёньня кіраўнік няўрадавай донарскай арганізацыі Ігар Каваленка атрымаў пасьведчаньне аб рэгістрацыі й зацьверджаны статут.
Наша арганізацыя паўстала ў выніку пратэсту донараў супраць скасаваньня льготаў

Атрымаўшы дакумэнты, Ігар Каваленка паведаміў “Свабодзе”:

“Наша арганізацыя паўстала ў выніку пратэсту донараў супраць скасаваньня льготаў. Скасаваньне льготаў падарвала давер людзей да донарства. Шмат донараў сышлі з актыўнага донарства. У грамадзтве яно не прапагандуецца зусім. Чыноўнікі ўхіляюцца ад прапаганды донарства, хоць гэта іхны абавязак. Сярод донараў чыноўнікаў амаль няма. Таму нам давядзецца прыкласьці шмат намаганьняў дзеля таго, каб пераканаць грамадзтва ў важнасьці донарства, ад якога залежаць жыцьці людзей. Мы ведаем, што гэта цяжкая праца, але мы будзем яе рабіць”, — зазначыў Ігар Каваленка.

Паводле спадара Каваленкі, донары часта робяцца ахвярамі памылковых дыягназаў. Ім забараняюць здаваць кроў, потым выяўляюць памылку, але ў донарскіх правах людзей не аднаўляюць. Мэханізмаў разьвязаньня такіх праблемаў у Беларусі няма. Такія донары маюць патрэбу ў рэабілітацыі.

Летась у чэрвені група магілёўскіх донараў праводзіла тыднёвы папераджальны страйк супраць скасаваньня льготаў. Донарам удалося захаваць саракапрацэнтную надбаўку да пэнсіі, магчымасьць сыходзіць у адпачынак у любы зручны час. Акрамя таго, толькі магілёўскія донары адстаялі бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ў межах гораду.

Але ўсё ж донараў пазбавілі дзьвюх важных кампэнсацыяў: пяцідзесяціпрацэнтнай зьніжкі на набыцьцё мэдычных прэпаратаў і бясплатнага пратэзаваньня зубоў.

Магілёўская станцыя пераліваньня крыві мае на ўліку каля пяці тысяч донараў.

Ад 2004 году іх колькасьць штогод зьмяншаецца на 8 працэнтаў.

XS
SM
MD
LG