Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вядома з афіцыйных СМІ, самыя шчасьлівыя людзі ў Беларусі — гэта пэнсіянэры.


А найбольш задаволеныя жыцьцём, напэўна, тыя старыя, што жывуць пад Менскам. Напрыклад, у вёсцы зь вясёлай назвай Пухлякі.






Вёску Пухлякі Менскага раёну працаздольная моладзь пакінула даўно. Летам тут шумна і весела ад наплыву гарадзкіх дзяцей і сталічных дачнікаў. А зімою тыя нешматлікія жыхары некалі вялікай вёскі зьбіраюцца на вячоркі, каб пагаманіць пра жыцьцё-быцьцё. Бабе Рэні, карэннай жыхарцы Пухлякоў, пад 80. Але па жывасьці яе гаворкі і рухавасьці гэтага ня скажаш.






Карэспандэнт: “Адкуль такая назва, Пухлякі?”

Рэня: “Напэўна, нехта засяліўся першы, Пухляк. Дваццаць, трыццаць гадоў назад тут паўвёскі Пухлякоў было.

Карэспандэнт: “А чым славіліся Пухлякі?”

Рэня: “Уперад сьпявалі прыгожа. Гэта перад вайной. Я малая яшчэ была. Даўнейшыя. Хорам. З падгалоскамі даўнейшыя песьні”.

Карэспандэнт: “А ў вайну тут было зацішна ці не?”

Рэня: “Ой, тут было... Не зацішна, не. Тут хат не палілі. Але немцы ехалі, тут спыняліся адпачываць. Зганялі нас па дзесяць чалавек у адну хату. Толькі як машыны завярнулі — усе валізкі, дзяцей на рукі, карову за павады і на Касачы. Ноччу партызаны прыйдуць, абіраюць. Днём — немцы. Партызаны, свае людзі, яшчэ горшыя, чым тыя немцы. Як мама расказвала, немцы ішлі ўперад, як дзеці. Яму брашу ў вочы і не маргай, верыць. А тады, як пачалася партызанка, дык ужо і немцы ня верылі. Гавары яму ў вочы, што няма партызанаў, і яны верылі. Да парадку былі людзі прывучаныя”.

Чым больш распытваюся ў нашых вясковых бабуляў пра вайну, тым больш пераконваюся ў геніяльнасьці выслоўя Адамовіча. “Вайна пад стрэхамі”. Менавіта пад стрэхамі, сярод суседзяў і сваякоў, і разгортваліся асноўныя драмы ваеннай пары. Безь якіх карціна Беларусі партызанскай ніколі ня будзе поўнай.

Карэспандэнт: “А партызаны былі зь мясцовых ці гэта былі акружэнцы?”

Рэня: “Не. Мясцовыя. Можа, і акружэнцы былі. Але болей сваіх. Свае, свае. Ай, што казаць? Мая старэйшая сястра... Сашка такі Дракон быў. Мама выменяла ў немцаў чаравікі салдацкія. Пойдуць на танцы, Сашка гаворыць: “Ларыса, я ў цябе здыму гэтыя чаравікі”. Мая сястра Ларыса выходзіць на ганак, а ён з палісаднічка выходзіць. “Разувайся”. І ўсё. Суседзі! Разам у школу хадзілі, разам гулялі. Зьняў чаравікі. Кажа: “Нам абутку не хапае”.

Карэспандэнт: “А пасьля вайны зь ім сустракаліся?”

Рэня: “Дык во разам жылі. Пакуль не памёрлі”.

Карэспандэнт: “Заставалася крыўда?”

Рэня: “Ён казаў: “мяне прымушалі дастаць абутак”. А што ён, пойдзе немца страляць? Вось у гэтакіх бралі. Болей самі сябе глядзелі. Колькі войнаў прайшло празь Беларусь. Беларусь як стане на ногі, так вайна. І топчуць нас і топчуць. Хто толькі не праходзіў праз нас. Сваёй гаспадаркі не наладзіш, ня тое што дзяржавы. Так і топчамся”.

Да нядаўняга часу ледзь не палова пухлякоўцаў трымалі каровы. Сёньня ў Пухляках карову трымае толькі пані Тэрэза. Яшчэ нестарая пэнсіянэрка, якая ў маладосьці прыехала сюды з Заходняй Беларусі. Яна працавала бухгальтарам у калгасе, мела “Жыгулі” і немалы рахунак на кніжцы. Але лічыць, што сёньняшняе жыцьцё лепшае за савецкае. Бо можна быць гаспадаром самому сабе. Тэрэза прадае малако, тварог, масла на старавіленскім бальшаку. У яе ўжо ёсьць свая сталая кліентура.






Карэспандэнт: “Вы рэдкі чалавек. Цяжка зараз трымаць карову?”

Тэрэза: “З кармамі цяжка”.

Карэспандэнт: “А яна дае прыбытак нейкі?”

Тэрэза: “Канечне. Прадаю”.

Карэспандэнт: “Вы прадаецё яго ў горадзе?”

Тэрэза: “У горад вазіць праблема”.

Карэспандэнт: “Вы, людзі, якія жывяцё са сваёй працы. На вашую думку, як у ідэале павінна выглядаць вось гэтая схема — “вытворца-пакупнік”?

Тэрэза: “Я вас зразумела. Калі б дзяржава плаціла нармальныя цэны, мне было б лепш здаць гэта ўсё і ня бегці. Што гэта за цана за малако? Чатырыста рублёў. Гэта ж насьмешка. У краме 1200. Дык хіба гэта такое ж малако?”

Карэспандэнт: “А за колькі ў вас можна купіць літар?”

Тэрэза: “1200”.

Карэспандэнт: “А павезьці яго ў Менск — гэта нерэальна?”

Тэрэза: “Цяпер ужо не. Усё ж такі ўзрост. Аўтобусам праезд падаражэў. Не хачу я ўжо ў Менск езьдзіць. Калі б забіралі па тысячы, я б з задавальненьнем аддавала б дзяржаве. Але што? Задарма? Столькі працы...”

У суседнюю хату, да сямейнай пары Сяргея Фёдаравіча і Тамары Іванаўны, якія хутка адзначаць 60-годзьдзе шлюбу, прыйшла ў госьці сяброўка, баба Ганна. Узрост усёй кампаніі разам складае 250 гадоў. Па тэлевізары ідзе праграма “Панарама”. Баба Ганна камэнтуе тэлекарцінку і чакае ў госьці галоўнага пэрсанажа тэленавінаў.






Ганна: “Каб яны падушыліся там і падавіліся, начальнікі гэтыя ўсе на сьвеце. Што яны нам далі? Каэфіцыенты. Па пяцьдзясят капеек зараблялі. Хадзілі па тры кілямэтры на работу. Што мы бачылі добрага? Нічога ня бачылі”.

Сяргей: “Зараз жа ўлада іншая. Што ты хочаш? Зараз жа капіталізм будуем, а не сацыялізм”.

Ганна: “Паглядзіш у людзей, якія будынкі прыгожыя. Як людзі жывуць. Хоць бы аддалі мяне дзеці ў прэстарэлы дом. Там, паглядзіш, старыя сядзяць чысьценькія, прыбраненькія”.

Карэспандэнт: “Вы хочаце ў дом састарэлых?”

Ганна: “Пайшла б. А што рабіць? Сыны ня хочуць даглядаць. На чорта я ім? Божа, мой Божа. Пайшла з дванаццаці год жыта жаць уручную. І па 16 сотак выжынала, і па 18. Ногі паабдзіраеш босыя, абуць жа не было чаго. Не было за што купіць. Дарма ж усё было. Працадзень гэты. Палку нейкую паставяць. Пражыла 85 гадоў, ні адных туфлікаў не знасіла. Каб на танцы схадзіць. Босыя хадзілі”.

Бачылі б вы, зь якім замілаваньнем глядзяць адно на аднаго старыя закаханыя! Маладажонам ёсьць чаму павучыцца.






Карэспандэнт: “57 гадоў вы жывяцё разам. І за 57 гадоў вы адно аднаму не надакучылі? А ў чым сакрэт?”

Сяргей: “Слухай, мы яшчэ на ноч пацалуемся. Памілуемся. Чаму “надакучылі”? Мы, наадварот, прывыклі. Што ўдваіх. Сакрэт такі. Трэба цярпеньне. Трэба паважаць адзін аднаго”.

Тамара: “Усё дзялілі напалам. І добрае, і кепскае”.

Карэспандэнт: “А што радуе ў сёньняшнім жыцьці?”

Сяргей: “Пэнсія”.

Карэспандэнт: “Яна радуе?!!”

Сяргей: “Дык мы ж жывем на яе. Шэсьць з паловай працэнтаў, казалі, дабавяць. А цяпер не чуваць”.

Тамара: “А цяпер Мядзьведзеў”.

Карэспандэнт: “А пры чым тут Мядзьведзеў?”

Сяргей: “Яго сягоньня выберуць. Ён разумны. Ён ужо насабачаны. Пуцін яго ўжо сем гадоў за сабой водзіць”.

Карэспандэнт: “Як вы добра разьбіраецеся ў расейскай палітыцы!”

Тамара: “Дык а чым заняцца?”

Але якім бы “насабачаным” ні быў той расейскі Мядзьведзеў, якім бы цяжкім ні было жыцьцё, якімі б дурнымі ні здаваліся начальнікі ў той тэлескрыні, ёсьць у вясковых старых адна сьветлая надзея. Да рэальнага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі яна ня мае ніякага дачыненьня. Гэта, хутчэй, галоўны станоўчы герой зь перадачы “У гасьцях у казкі”. Робін Гуд і Дзед Мароз у адной асобе. Якога з надзеяй чакаюць, але ўсьведамляюць, што цудаў не бывае.

Ганна: “Хоць бы прыехаў, пагаварыў. Паглядзім у тэлевізары. Недзе ж прыедзе да нейкіх старых. Нешта пагаворыць. А да нас ніхто...”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG