Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Козы і каровы бадзяюцца па рынку ды аб’ядаюць вазы”


Пра што пісалі беларускія газэты 18 сакавіка ў розныя гады мінулага.


“Беларуская вёска” ў 1928 годзе пад рубрыкай “Беларуская вёска” дапамагла” піша: “Селькоры з мястэчка Крупка, Аршанскай акругі прыслалі нам скаргу аб тым, што на рынку у м.Крупкі нельга пакінуць каня і воза, бо козы і каровы бадзяюцца па рынку ды аб’ядаюць вазы. Крупскім раённым выканаўчым камітэтам па гэтаму пісьму прыняты належныя меры. Загадана міліцыі сачыць за выкананьнем ранейшай пастановы райвыканкому адносна валачашчай жывёлы”.

“Вечерний Минск” у 1988 годзе паведамляе пра міжнародную гуманістычную акцыю “Рок супраць наркаманіі”, якая была заплянаваная ў Маскве на канец сакавіка: “Сёньня асабістую згоду на ўдзел у канцэрце далі замежныя выканаўцы — рок-зоркі Пітэр Гэбрыэл (Вялікабрытанія), Джэніфэр Раш (ЗША), Фалька (Аўстрыя), ансамблі “Тэнджэрын Дрым”, “Скорпіёнз” (ФРГ), “Супэр Трэмп” (ЗША), “Ю-Ту” (Вялікабрытанія) і іншыя. Усяго ў канцэртах выступяць каля 30 савецкіх і замежных выканаўцаў”.

На гэтым тыдні 1998 году на старонках “Нашай Нівы” нехта Алесь Менскі даводзіць: “Трасянка — адзін з магчымых спосабаў змаганьня з іншароднай мовай, якое ідзе на ўзроўні падсьвядомасьці. Я не хачу быць залішне аптымістычным, але калі ціск расейскай мовы будзе дастаткова слабым ці зьнікне зусім (што малаверагодна), расейская мова ў Беларусі праз пасярэдніцтва трасянкі ператворыцца ў беларускую. Гэты працэс адбываецца ня толькі на ўзроўні фанэтыкі, але і на ўзроўні марфалёгіі, сынтаксысу і г.д.”

XS
SM
MD
LG