Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У галадоўцы моцная масавасьць ці вядомасьць асобаў"


Былы начальнік сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага Алег Алкаеў – госьць ранішняй Свабоды.


Восьмы дзень працягваюць галадоўку пратэсту былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец і ягоны брат Аляксандар. Яны патрабуюць вызваленьня Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў. Учора да іх галадоўкі ў Нямеччыне далучыўся былы начальнік сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага Алег Алкаеў. Ён адзін з асноўных сьведкаў у справе аб выкраданьні палітыкаў. Эміграваў у Нямеччыну, баючыся помсты беларускіх спэцслужбаў. Цяпер жыве ў Бэрліне. Аўтар кнігі “Расстрэльная каманда”.

Ганна Соўсь: “Скажыце, калі ласка, чаму Вы вырашылі падтрымаць галадоўку пратэсту братоў Скрабцоў?”

Алег Алкаеў: “Я вырашыў падтрымаць галадоўку з наступнай прычыны. Па-першае, ўсе прапановы апазыцыі з нагоды вызваленьня палітвязьняў з-за кратаў на фоне ўжо выкананых праз намаганьні ЗША і Эўразьвязу, гучаць, мякка кажучы, няшчыра. Патрэбныя актыўныя не размовы, а дзеяньні, чым і зьяўляецца галадоўка”.

Соўсь: “Скажыце, калі ласка, а калі галадоўка можа мець вынік, калі яна можа стаць дзейным сродкам? Пры якіх умовах?”

У галадоўцы моцная альбо масавасьць, альбо вядомасьць асобаў, якія бяруць у ёй удзел. Адзінкавыя акты грамадзтва не ўспрымае
Алкаеў:
“У галадоўцы моцная альбо масавасьць, альбо вядомасьць асобаў, якія бяруць у ёй удзел. Адзінкавыя акты грамадзтва не ўспрымае. Магчыма, што ў многіх мая галадоўка выкліча ўсьмешку, тым ня менш бясьсьледнай яна ўжо ня будзе, Зараз пост, ён аб'ядноўвае вернікаў. У барацьбе з ўладамі фізычныя абмежаваньні ўмацоўваюць адзінства людзей, прыхільнікаў адзінай мэты. Калі галадоўка не зьвязаная з ідэйнай накіраванасьцю, то гэта проста дыета. Я, канечне, чакаю насьмешак, але я гэта перажыву. Адны прысьвячаюць свае пакуты Богу, а я, як чалавек, які ня верыць у Бога, прысьвячаю іх справядлівасьці. Вось і ўсё. Што з гэта атрымаецца, ня ведаю”.

Соўсь: “А з Вашай досьведу працы на Валадарцы, калі галадоўкі вязьняў прыносілі вынік?”

Алкаеў: “Галадоўкі былі кожны дзень. З трох тысяч зьняволеных заўсёды нехта галадаў. З палітычных вязьняў я памятаю толькі галадоўку Міколы Статкевіча... І самая працяглая нібыта галадоўка была ў Дзьмітрыя Ігнатовіча -- 1.5 года. Мы ведалі, што ён разводзіць курыныя бульённыя кубікі. Але кашу нашу ня еў, але гэта ні пра што не гаварыла”.

Соўсь:
“Дык былі выпадкі, калі людзі дамагаліся таго, чаго патрабавалі?"

Алкаеў: “Як правіла, ўсе звароты былі да ўладаў, да пракурора, сьледчага. І мы іх перадавалі .Так, былі вынікі. Прыходзілі сьледчыя, пракуроры, паколькі людзі часам месяцамі іх не бачылі і патрабавалі даведацца, за што яны сядзяць”.

Соўсь: “Гэта Ваша першая галадоўка пратэсту?”

Алкаеў
: “Так, я раней ня меў нагоды прымаць удзел у галадоўках пратэсту, ані жаданьня".

Соўсь: "Колькі Вы будзеце галадаць?"

Алкаеў: “Не магу пакуль ніякіх заяваў рабіць, пакуль ня ведаю да канца намераў братоў Скрабцоў. Кіруюць гэтай справай яны. Я ім давяраю. Сяргей Скрабец -- гэта баец, сапраўдны лідэр. Калі ён сабе сёньня адзін палец адсячэ, я заўтра сабе два пальцы адсяку".

Соўсь:
”Раскажыце, калі ласка, чым Вы цяпер займаецеся ў Нямеччыне?”

Алкаеў: “Я нічым не займаюся. З прычыны ўзросту я непрыдатны да актыўнай працоўнай дзейнасьці па рабочых спэцыяльнасьцях у Бэрліне. Дзяржава ўтрымлівае мяне. Я жыве на пасобіе. Чытаю, пішу, адпачываю”.

Соўсь: “Ці хацелі б вярнуцца ў Беларусь і пры якіх умовах?”

Я сёньня гатовы пасадзіць на лаву падсудных любых удзельнікаў гэтага працэсу з пераканаўчымі падставамі

Алкаеў
: “У Беларусь я хачу вярнуцца заўсёды, Кожны дзень я пра гэта думаю. Я не магу вярнуцца ў любы час. Я не хачу стаць аб'ектам таннага паляваньня і цкаваньня з боку ўладаў. А аказаць годны супраціў ў адзіночку я ўжо не змагу, хутчэй за ўсё не пасьпею. Акрамя таго, за мной стаіць цяпер мая сям'я, мае родныя ўжо пусьцілі трывалыя карані за мяжой і не сьпяшаюцца пакідаць Нямеччыну”.

Соўсь:
“І Вы па-ранейшаму гатовы выступіць сьведкам ў справе зьніклых палітыкаў?”

Алкаеў: “Я заўсёды гатовы. Я займаюся і цяпер гэтым, я зьбіраю матэрыялы... Я іх цяпер не публікую, паколькі гэты ўжо ня мае сэнсу, а становіцца напэўна аб'ектам спэкуляцый. Я іх зьбіраю. У мяне шмат ёсьць, і я сёньня гатовы пасадзіць на лаву падсудных любых удзельнікаў гэтага працэсу з пераканаўчымі падставамі».

Алег Алкаеў нарадзіўся ў 1952 годзе ў Казахстане. Больш як 30 гадоў прапрацаваў у сыстэме выкананьня пакараньняў. На пачатку 1990-х гадоў пераехаў з Казахстану ў Беларусь. Быў начальнікам СІЗА-1 у Менску. У 2001 годзе эміграваў у Нямеччыну.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG