Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будынкі за 35 тысяч рублёў


Дзяржаўны камітэт маёмасьці Беларусі выставіў на продаж праз аўкцыён амаль чатыры дзясяткі прадпрыемстваў. Ад пачатку ў сьпісе значылася блізу 70 аб'ектаў. Першапачатковыя цэны лоту – 1 базавая велічыня, ці 35 тысяч рублёў, або 11 эўра. На што перадусім спадзяецца дзяржава ад такога гандлю?


Найбольшая колькасьць аб'ектаў, якія маюць пусьціць з малатка, знаходзіцца ў Віцебская вобласьці – 19. Прычым у адной толькі вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёну на аўкцыён неўзабаве будуць выстаўленыя паўтара дзясяткі аб'ектаў. Што гэта за будынкі, я пацікавіўся ў супрацоўніцы праўленьня сельскагаспадарчага каапэратыву “Зубрэвічы” Аляксандры Марозавай:

“Разумееце, гэтыя аб'екты знаходзяцца на балянсе ня ў нас – яны наўпрост падпарадкаваныя службе Дзяржаўнага архіву. Сама гэтая гаспадарка наўпрост падначаленая Менску, паколькі на той тэрыторыі раней знаходзілася вайсковая частка. Я не скажу, што там прадаюцца нейкія вялізныя аб'екты, хутчэй трэба казаць, што гэта склады. Само месца разьмешчана за 25 кілямэтраў ад Воршы, у бок Коханава”.

Кіраўнік Віцебскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасьці Міхаіл Паўлючкоў пацьвердзіў, што распрадаецца вайсковы гарадок, колішняя лётная база. І, як зазначыў спадар Паўлючкоў, выстаўлена на продаж толькі блізу двух дзясяткаў аб'ектаў, а насамрэч іх там нашмат больш.

Сам Міхаіл Паўлючкоў лічыць, што на такія меры дзяржаву штурхае здаровы эканамічны разьлік: ці зруйнаваць збудаваньні, ці ўсё ж паспрабаваць знайсьці ім гаспадара:

“Гэта адзін са спосабаў выйсьця з сытуацыі, разумееце? Тут прасочваецца комплексная сыстэма: эканоміка Рэспублікі Беларусь разьвіваецца па такіх і такіх кірунках. Продаж, арэнда ці, прыкладам, кансэрвацыя, перадача ва ўласнасьць, продаж за адну базавую велічыню, увогуле за бясплатна ці на любых іншых умовах – гэта таксама як элемэнт эканомікі. Таму, калі хочаце ведаць усё па аб'ектах, падрыхтуйце запыт і мы вам дамо ўсю інфармацыю пра хаду прыватызацыі, пра хаду разьдзяржаўленьня, пра залучэньне ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасьці на Віцебшчыне”.

Паводле статыстыкі Дзяржаўнага камітэту маёмасьці, у Беларусі блізу 14 тысяч аб'ектаў дзяржаўнай уласнасьці, якія выкарыстоўваюцца неэфэктыўна або не выкарыстоўваюцца зусім. Таму пастаўлена прэзыдэнцкая задача – усё па-максымуму вярнуць у гаспадарчы абарот. Прыкладна чацьвёртая частка будзе прададзеная праз аўкцыён ці конкурсы.

Эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць ініцыятыву дзяржавы рацыянальным падыходам да праблемы. Каб разбурыць склад ці любы адміністрацыйны будынак, трэба патраціць не адну тысячу даляраў:

“Ну, гэта, натуральна, лепш, чым проста стаіць нікому не патрэбнае збудаваньне. Гэта лепш, чым разбурыць, бо, каб дэмантаваць, таксама сродкі павінны быць і г.д. Так што гэта нармальны працэс. Іншая рэч, дрэнна, што да гэтага ўсё давялі, калі столькі нерухомасьці прападае. І ўрэшце, што прынятае рашэньне за адну базавую велічыню прадаваць, то само па сабе рашэньне добрае”.

Карэспандэнт: “І калі прадаваць праз аўкцыён, то ўсё роўна гэта будзе ўсё ж ня базавая велічыня?”

“Можа нават і базавая. Але потым хто-небудзь штосьці там зробіць і на пустым дагэтуль месцы вытворчасьць якая запрацуе, людзі будуць занятыя. Хоць якую карысьць ды будзе прыносіць”.

У пералік аб'ектаў нерухомасьці часьцей за ўсё трапляюць даўгабуды, шмат сельскагаспадарчых пабудоваў, складоў. Аб'екты ўнясуць у пералік нявыкарыстанай маёмасьці, які будзе зацьверджаны ўрадавай пастановай. Увогуле ў дзяржаўным пераліку – недабудаваныя аб'екты са ступеньню гатовасьці ад 10 да 40%. Прыкладам, у Зэльвенскім раёне на Гарадзеншчыне за адну базавую велічыню прапануецца незавершаны капітальны будынак – рэабілітацыйны цэнтар больш чым на сто месцаў.

Аднак трапляюцца і цікавыя прапановы. Так, у Горадні рызыкуе трапіць на распродаж збудаваны ў XVIІI стагодзьдзі па эксклюзіўным праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака палац у Сьвяцку. Да 2005 году там месьцілася сухотная лякарня, пасьля высяленьня пацыентаў скончыліся й грошы на падтрымку будынку. Палац сабраліся выставіць на аўкцыён, цяпер там працуе дзяржаўная камісія.

XS
SM
MD
LG