Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незарэгістраваная арганізацыя “Малады Фронт” заявіла пра выхад з аб’яднаных дэмакратычных сілаў і адклікала сваіх прадстаўнікоў з Палітычнай рады АДС.


Гэтае рашэньне камэнтуе намесьніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка:

“Моладзь вельмі расчараваная ў АДСе. Мы мелі вялікія спадзяваньні на яго ў 2006 годзе, калі “Малады фронт” меў там вельмі моцную пазыцыю, мог адыгрываць важную ролю, вырашаць галоўныя пытаньні. Але ў дадзены момант АДС расчараваў моладзь адсутнасьцю лідэра. “Малады фронт” падтрымліваў і будзе падтрымліваць Аляксандра Мілінкевіча. АДС прадэманстраваў сваю сутнасьць тым, што адзіны лідэр, які цяпер сябе так пазыцыянуе — камуніст, і “Малады фронт” ня можа падтрымаць яго ніякім чынам. Бо на першым месцы ставіць свае духоўныя і хрысьціянскія каштоўнасьці. І мы бачым будучую, дэмакратычную, эўрапейскую краіну Беларусь без камунізму”.

Сойм “Маладога Фронту”, які прайшоў 16 сакавіка, ініцыяваў стварэньне правацэнтрысцкага блёку дэмакратычных арганізацыяў, мэтаю якога будзе яднаньне правых і цэнтрысцкіх сілаў на падмурку хрысьціянскіх прынцыпаў, ідэалаў незалежнасьці, дэмакратыі і эўрапейскай інтэграцыі Беларусі.

Таксама сойм Маладога Фронту прыняў рашэньне пра неабходнасьць далейшых спробаў зарэгістраваць Малады Фронт у Беларусі. Абвешчана пра стварэньне аргкамітэту дзеля рэгістрацыі Маладога Фронту. У Міністэрства юстыцыі і Менгарвыканкам накіроўваюцца заяўкі на памяшканьне для ўстаноўчага зьезду.

Старшынём “Маладога Фронту” абраны Зьміцер Дашкевіч, ягонымі намесьнікамі — Артур Фінькевіч, Іван Шыла і Наста Палажанка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG