Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Яны ня лепшыя ад фашыстаў, якія гналі людзей на мінныя палі”.


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 17 сакавіка.


Міліцыя Менскага раёну распачала крымінальную справу па факце вандалізму ў Курапатах. У месцы масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій невядомыя злачынцы зламалі больш за 30 крыжоў. Выказваньні слухачоў:
Спадар: “Гора, бяда і грэх на сумленьне тым дурням, якія паламалі крыжы ў Курапатах. Крыж — гэта сымбаль і знак сусьветнага хрысьціянства. Так Бог-Творца Сусьвету саспуе ваша здароўе, жыцьцё ваша, вандалы. Вашым блізкім і родным”.
Спадар:

“У Курапатах сталіністы будавалі камунізм.
А цяпер падонкі будуюць вандалізм.
Страляць, ламаць крыжы — зьдзекі аднаго пакрою.
Як ні кажы, гэта рэха таго строю.
Садызм ня мае быць.
Слухач, дзядзька якога ў Курапатах ляжыць”.
Актывісты палітычных партый і прадстаўнікі грамадзкасьці правялі ў Менску пікет у падтрымку палітычных зьняволеных. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:
Спадар: “У сувязі зь яшчэ адным Днём салідарнасьці са зьніклымі людзьмі ўспамінаюцца цынічныя словы аднаго дзярждзеяча: маўляў, у зьнікненьні апазыцыянэраў замяшаны бізнэс, а не палітычныя погляды. Гэта нягледзячы на тое, што Лукашэнка заяўляў — улада сочыць за кожным крокам апанэнтаў рэжыму?”
Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Артыкул 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе свабоднае правядзеньне мітынгаў, дэманстрацый, пікетаў, калі яны не парушаюць закону. Аднак улады не даюць дазволу на правядзеньне згаданых мерапрыемстваў, тым самым парушаюць Дэклярацыю правоў чалавека і іншыя заканадаўчыя акты. Дзякую”.
Ларыса, Менск: “Застаўся за кратамі адзін палітвязень — Казулін. А цяпер высьвятляецца, што ёсьць 10 парушэньняў унутранага распарадку калёніі. Штучна можна зрабіць што заўгодна. Але гэта не прычына, каб трымаць яшчэ тры гады. Ён жа працягнуў руку Лукашэнку. Я бачыла, калі сустракаюцца сапраўдныя мужчыны, яны ціснуць адзін аднаму руку. Прыйшоў час, калі трэба ісьці насустрач адзін аднаму. А гэта значыць, трэба Казуліна адпусьціць на волю”.
Зіноўеў: “Ня ведаю, якім будзе 2008 год, але чалавекам году на Беларусі, думаю, будзе Ірына Казуліна. Дзякую”.
Ніна Антонаўна, Менск: “Добры дзень, паважаная, жаданая “Свабода”. Паважаны прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч! Забудзьце крыўды, вызваліце Казуліна! Ваш гуманны ўчынак яшчэ больш падвысіць ваш аўтарытэт на сусьветнай арэне. Казулін ня той, які быў раней — на памылках вучымся. Паважаны Аляксандар Рыгоравіч, праявіце міласэрнасьць, дапамажыце Казуліну быць на волі. Госпад Бог дапаможа вам у вашай нялёгкай працы на карысьць Беларусі”.
“Калі б інцыдэнт на дарозе адбыўся, напрыклад, у Польшчы ці Чэхіі. Ці падаў бы ў адстаўку добраахвотна міністар унутраных справаў?” Гэтае пытаньне, дасланае праз СМС, — рэакцыя слухача на падзею 2 сакавіка. Нагадаю, што пад Менскам супрацоўнікі міліцыі стварылі так званы “жывы шчыт” з аўтамабіляў і людзей, каб спыніць п’янага кіроўцу. Тэлефанаваньні — у працяг тэмы:
Спадар: “Пасьля ганебнай апэрацыі “доблеснай” менскай міліцыі па затрыманьні п’янага кіроўцы “стрэлачнікаў,” падаецца, знайшлі. А галоўны “стрэлачнік” у асобе Навумава, хутчэй за ўсё, выйдзе сухім з вады. Ды ў любой нармальнай краіне такі міністар адразу ж пайшоў бы ў адстаўку. А ў нас зь іх як з гуся вада. Адразу відаць, што таварыш Навумаў толькі і ўмее, што мірных дэманстрантаў разганяць. Па гэтай частцы ён вялікі мастак. А каб затрымаць п’янага кіроўцу, не падстаўляючы жыцьці іншых людзей, на гэта ў іх мазгоў не хапіла”.
Спадар: “Улада расьпінаецца перад Эўропай, што правы чалавека ў нас выконваюцца. Пра якія правы можа ісьці гаворка? Адна хлусьня і толькі. 2 сакавіка ўлада раскрыла сваё сапраўднае аблічча і даказала ўсяму сьвету, што ня толькі правамі, але і жыцьцём чалавека можа распараджацца, як ёй уздумаецца”.
Пэнсіянэрка са стажам: “Я абурана дзеяньнямі адважных беларускіх даішнікаў у сувязі з затрыманьнем п’янага кіроўцы пад Менскам і паводзінамі дзяржчыноўнікаў, якія сталі на іх абарону. Гэта дзяржаўныя злачынцы. Я лічу, яны нічым не адрозьніваюцца ад фашыстаў, якія гналі дзяцей, жанчынаў і старых на мінныя палі”.
“Дзякуючы Радыё Свабода, маю мажлівасьць сачыць за палітычнымі і культурнымі падзеямі ў Беларусі. Мне вельмі падабаецца ваша мова, якую сам хачу вывучыць”, — напісаў у СМС-допісе Вячаслаў з Украіны. На тэму мовы — выказваньне слухача:
Спадар: “Я лічу, што ў нашага кіраўніка і ў нашага народу розуму ня з коптарам. Кіраўнікі зьнішчылі нашу культуру беларускую, а народ маўчыць, як так і трэба”.
“Дзе набыць слоўнік Баршчэўскага?” — гэта пытаньне яшчэ аднаго СМС-ліста. Нагадаю, што старшыня партыі БНФ, мовазнаўца Лявон Баршчэўскі да свайго 50-гадовага юбілею выдаў слоўнік на 28 эўрапейскіх мовах. На пытаньне адказвае Лявон Баршчэўскі:
“Зараз слоўнік паступае ў кнігарні. Ён ужо ёсьць на выставе ў сядзібе БНФ. Неўзабаве зьявіцца ў “Акадэмкнізе”. Так што хутка будзе”.
Працягваем праграму яшчэ адным пытаньнем:
Анатоль, Гомель: “Слухаю вас ужо каля году. Вельмі шкадую, што ня ведаў пра ваша радыё раней. Прабачце, што пачынаю з пытаньня. Ці ня ведаеце вы, за якія сродкі наш прэзыдэнт набывае прызы, якімі надзяляе пераможцаў турніраў, якія праводзяцца на прыз прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь? Калі за асабістыя, то ўсё зразумела, а калі за агульныя, то чаму тады прыз прэзыдэнта, а не краіны Беларусь? Дзякуй”.
Адказвае былы дэпутат палаты прадстаўнікоў і былы палітвязень Сяргей Скрабец, якія зараз трымае галадоўку на знак падтрымкі палітвязьня Аляксандра Казуліна:
“Склалася такая практыка, што ён у нас адказвае за ўсё. Што ад прэзыдэнта можна атрымаць усё: ордэн ці мэдаль, а можна і пяць гадоў турмы, як Казулін, і сядзець за кратамі. А тое, што гэта ня ўласныя грошы, дык гэта і так відавочна”.
Далей — творчасьць нашых слухачоў:
Спадар Лявонцій, Менск:

“Мы працьвітаем, працьвітаем.
Таму і льготы адмяняем.
Шчасьлівы час. Цяпер, лічы,
Усе мы сталі багачы.
Мы працьвітаем, працьвітаем,
Ні ў чым сабе не адмаўляем.
Няма краіны трывалей
І ўлады не знайсьці мудрэй.
Яна, турботная такая,
На словах шчасьця нам жадае.
А ўсё ідзе наадварот.
Ярмо надзета на народ.
І ўлада толькі тое знае,
Што нас бязьлітасна сьцябае.
Мы ж, талерантныя, маўчым.
Калі ж нарэшце закрычым?!”
Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
XS
SM
MD
LG