Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дарога” — кніга для супольнага чытаньня ў беларускіх сем’ях", – лічыць гісторык Міхась Чарняўскі, які чытаў кнігу ўспамінаў Івонкі Сурвілы разам са сваёй жонкай, дзіцячай лекаркай Сьвятланай.

Міхась Чарняўскі: “На дзень народзінаў нядаўна мне, сярод іншага, падарылі кнігу мэмуараў Івонкі Сурвілы. Мы з жонкай узяліся яе чытаць. Па праўдзе кажучы, кніжка мяне моцна ўразіла. Вельмі беларуская кніжка.
Кніжка мяне моцна ўразіла. Вельмі беларуская кніжка

Там ёсьць такі эпізод, калі Івонка была ў Даніі ў адной сям’і, і вельмі яе там добра прымалі. Потым празь нейкі час, калі яна сустрэлася з гаспадыняй гэтага дому і спыталася ў яе, чым можа аддзячыць, то гаспадыня параіла ёй зрабіць тое самае для іншых, дабро зрабіць. Але, відаць, у аўтаркі кнігі такі характар, што нават калі б тая датчанка і не сказала ёй, яна б усё роўна рабіла дабро для другіх. Праз усю кніжку ў яе толькі добрыя людзі, добрыя сустрэчы літаральна ва ўсіх краінах, дзе яна была.

І яшчэ ёсьць эпізод, які мяне вельмі ўразіў, ён вельмі сымбалічны. Гэта калі яе бацькі Шыманцы набылі пад Парыжам лапік зямлі і будуюць свой дом. Усёй сям’ёй, і дзеці таксама, і прыяжджаюць да іх іншыя беларусы на талаку, робяць цэглу і кладуць гэты дом. І нарэшце збудоўваюць прыгожы беларускі дом. Гэта так сымбалічна, што калі сапраўды Беларусь у сэрцы, то ў любым месцы зямнога шару, дзе б яны ні былі, беларусы будуюць свой беларускі дом. Страшэнна сымбалічнае месца ў кніжцы. Мяне так яно кранула!”



Сьвятлана Чарняўская: “Як добра, калі прэзыдэнт — жанчына”

“Прайшло ўжо некалькі дзён, як падарылі нам гэтую цудоўную кніжку, і мы з мужам дасюль яе абмяркоўваем і знаходзімся пад вельмі сьветлым, добрым уражаньнем ад яе.
Як добра, калі прэзыдэнт — жанчына! Можа, і мы дачакаем такіх сьветлых часоў, што ў нас прэзыдэнтам будзе жанчына

Спадарыня Сурвіла, напэўна, настолькі моцны духам чалавек, што змагла ў гэтай кніжцы паказаць толькі сьветлае і добрае, што было. Хаця зразумела ж, колькі ёй давялося перажыць. Паглядзіце на яе здымкі, на ілюстрацыі да кніжкі. Толькі на адным здымку яна нахмураная, — гэта калі яна яшчэ ў Стоўпцах на руках у бацькоў. Сур’ёзны выгляд у яе таксама, калі яна зь мікрафонам у руках. А так увесь час усьміхаецца, усьміхаецца, усьміхаецца...

Адзінае, што мне хацелася б — адказаць на яе пытаньне пра тое, што зрабілася з энэргіяй беларускага народу, куды яна падзелася, ці не Чарнобыль яе зьнішчыў? Мне здаецца, што вельмі добры адказ на гэта зараз можна пабачыць у газэце “Наша Ніва” на здымку з канцэрту “N.R.M.”, а менавіта з залі канцэрту. Якая моладзь! Вось яна — наша энэргія. Нікуды яна ня дзелася. І я думаю, што ўсё ў нас будзе добра.

Самая галоўная выснова, якую я вынесла з кніжкі: як добра, калі прэзыдэнт — жанчына! Можа, і мы дачакаем такіх сьветлых часоў, што ў нас прэзыдэнтам будзе жанчына”.


Прэзэнтацыя чатырнаццатай кнігі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” -- у панядзелак, 17 сакавіка а 18 гадзіне ў сядзібе Партыі БНФ. Менск, вул. Варвашэні, 8.

Спампаваць кнігу ў фармаце PDF (1,4 MB) можна тут.

Фотагалерэя
XS
SM
MD
LG