Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Стаяць пад кожным кустом, а лавіць злачынцаў ня ўмеюць”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.


У нашай пошце апошняга тыдня — лісты слухачоў з развагамі пра актуальныя праблемы ў Беларусі і вакол яе, водгукі на здарэньні, якія выклікалі шырокі грамадзкі розгалас.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Івана Міхайлоўскага зь Ліды. Слухач разважае пра тое, якім чынам у Беларусі можа адбыцца зьмена ўлады. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

“Ніякія пратэсты апазыцыі паўплываць на Лукашэнку ня могуць. Калі хто і здольны зьмяніць уладу ў Беларусі, дык толькі амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш, калі ня будзе слухаць ААН і НАТО. Вы скажаце, што тады пачнецца вайна? Ніякай вайны ў нас ня будзе. Армія за Лукашэнку ня пойдзе. Дый АМОН, міліцыя здадуцца без супраціву.

Яшчэ важнае пытаньне да апазыцыі. Ці вядуць яны ўлік тых судзьдзяў, якія праводзяць палітычныя працэсы, тых міліцыянтаў, якія несправядліва сьведчаць у судзе, зьбіваюць дэманстрантаў? Гэта ж вельмі важна, бо рана ці позна ім давядзецца паўстаць перад судом у Гаазе”.

У мінулым месяцы наша радыё паведаміла пра тое, што лідэры прадпрымальніцкіх арганізацыяў пачалі складаць так званую “Шэрую кнігу” — сьпіс парушэньняў, дапушчаных міліцыянтамі і судзьдзямі ў дачыненьні да індывідуальных прадпрымальнікаў — удзельнікаў пратэстаў.

Раней многія праваабарончыя арганізацыі складалі таксама сьпісы чыноўнікаў, міліцыянтаў і судзьдзяў, якія мелі дачыненьне да перасьледу палітычнай апазыцыі. (Разгорнуты сьпіс такіх асобаў ёсьць на сайце “Вясны”). У свой час таксама быў складзены сьпіс для Эўракамісіі дзеля прызнаньня неўязнымі ў краіны Эўразьвязу пэўных высокапастаўленых чыноўнікаў. Але сыстэматызаваных, аб’яднаных у адну кнігу вынікаў такой працы пакуль няма.

Наша слухачка Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну разважае пра свой асабісты лёс і лёс краіны. У лісьце на “Свабоду” яна піша:

“Апошнія 13 гадоў — згублены час, які зьнявечыў людзей. Жыць на сваёй малой радзіме сёньня — недазвольная раскоша. Таму амаль усе зьяжджаюць, пакідаючы ў самоце пакутнікаў-бацькоў. Бо як тут выжыць? Вось я, адукаваны, працаздольны чалавек, не магу самастойна зарабіць, каб дастойна пракарміць і забясьпечыць сваё адзінае дзіця. Тут элемэнтарна немагчыма мець годнай працы, а бяз гэтага — які дабрабыт, які дастатак? Цяжка жыць сярод чэрствасьці, раўнадушша, калгаснага мэнталітэту.

За тое, што зьвярталася да ўраду па дапамогу ў пошуку працы, івейская ўлада мяне ўзьненавідзела, збэсьціла, зрабіла ледзь ня ворагам народу. Сьцьвярджае, што я парушаю законы. Гэта — за тое, што я ледзь не крычала пра свае і людзкія праблемы. Думаю, парушыла я толькі адзін непісаны закон — закон усеагульнага раўнадушша, замоўчваньня ўсяго, што наўкол творыцца. А зьяжджаць я не зьбіраюся: няма куды. Тут — магілы маіх родных, маіх бацькоў.

Але з часам я ўсё больш прыходжу да высновы пра слушнасьць сьцьвярджэньня наконт таго, што ўлада — гэта люстэрка народа, і народ варты той улады, якую мае. А таму й няма чаго на люстэрка ківаць у такім грамадзтве”.

Ёсьць шмат людзей, спадарыня Сакаловіч, якія думаюць гэтак жа, як вы. І не маўчаць, калі сутыкаюцца зь несправядлівасьцю. І спрабуюць змагацца за свае грамадзянскія правы. Іх зусім ня мала, і яны таксама — частка грамадзтва. Так што, можа, і ня варта сьпяшацца з такімі пэсымістычнымі высновамі, безнадзейна складаць рукі і адмаўляцца ад сваіх ранейшых поглядаў і прынцыпаў.

Мы працягваем атрымліваць ад слухачоў меркаваньні наконт будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Рашэньне пра гэта было прынята ўладай без уліку думкі беларускага грамадзтва. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў лічыць, што ў тым выпадку, калі будаўніцтва будзе даручана расейскім кампаніям, рызыка надзвычайных здарэньняў шматкроць узрасьце. У якасьці аргумэнту слухач прыводзіць наступныя факты.

“Напрыканцы 2006 году пачалася рэканструкцыя сыстэм аўтаматыкі на цэнтральнай кацельні нашага райцэнтру. Купілі новае абсталяваньне, і ў ліку іншага — 12 адмысловых электронных блёкаў. Налепкі і запісы ў пашпартах сьведчаць, што яны выраблены ў Расейскай Фэдэрацыі ў 2004 годзе. Эксплюатаваліся блёкі ў вельмі лёгкім рэжыме (усяго каля 10% гранічнай нагрузкі). Але за год эксплюатацыі з ДВАНАЦЦАЦІ блёкаў сапсаваліся ўжо ТРЫ, або 25%. Першы выйшаў са строю літаральна празь некалькі гадзін працы. Калі я зьняў плёмбу і адкрыў блёк для рамонту, мне ледзь не зрабілася млосна: які тут 2004 год, гэта ж каменны век, любы спэцыяліст пацьвердзіць! Такія радыёдэталі ўжо даўным-даўно не вырабляюцца! Я паглядзеў на год і месяц вырабу дэталяў. Адзін з кандэнсатараў зроблены ў чэрвені 1986 году. Астатнія радыёкампанэнты, на якіх ёсьць дата вырабу, таксама дваццацігадовай даўніны.

Адметны надпіс на адной са схемаў — “в пускателях для АЭС”.

Мяркую, што нашы браты-расейцы ўзялі зь нейкіх зарослых мохам і цьвільлю складоў старыя блёкі 1987—1989 гадоў выпуску, прыляпілі шыльдачкі зь лічбай “2004”, намалявалі той самы 2004 год у пашпарце і прадалі нам, беларусам, гэты друз за немалую цану. Ужыць іх на сваіх аб’ектах (тым больш на АЭС) яны не рызыкнулі. А для братоў-беларусаў — прыдасца,— піша ў сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.—Ці купляў бы хто гэтыя блёкі, каб ведаў сапраўдны год выпуску? Ня ведаю. Можа, хто і ўзяў бы, але за цану мэталу, зь якога яны зроблены. Справа ў тым, што электроніка і радыёдэталі псуюцца зь цягам часу нават тады, калі не працуюць.

Калі дэталі ўжываюцца ў якім-небудзь радыёпрыймачы, то гэта ня надта страшна. А калі, напрыклад, у сыстэме аўтаматыкі паравога катла высокага ціску, які працуе на газе? Ці не давядзецца нам шукаць кавалкі гэтага катла на суседніх вуліцах, калі ён выбухне?

А калі гэта адбудзецца ўзімку, ды ў трыццаціградусны мароз? Што стане з нашым райцэнтрам?

Хто мне сёньня можа гарантаваць, што браты-расейцы ня збудуць нам такі самы друз і для нашай будучай АЭС? Як казаў Казьма Пруткоў, “единожды солгавши, кто тебе поверит?”

Калі на добры лад, дык пасьля ўсяго таго, што здарылася з расейскім ядзерным рэактарам і абсталяваньнем станцыі ў Чарнобылі, з вытворцамі такой тэхнікі нават гаворкі ня варта было б весьці пра магчымасьць іхнага ўдзелу ў тэндэры на будаўніцтва новай АЭС у Беларусі. Бо дзе гарантыя, што яны прынцыпова зьмянілі якасьць свайго абсталяваньня і зь ім ня здарыцца нешта падобнае да таго, што адбылося 26 красавіка 1986 году? Але менавіта расейскія кампаніі разглядаюцца беларускімі ўладамі ў якасьці найбольш верагодных будаўнікоў атамнай станцыі ў Беларусі. І, зважаючы на спэцыфіку палітычных дачыненьняў паміж Масквой і Менскам, ня надта шмат шанцаў на тое, што ў тэндэры пераможа нехта іншы.

Шырокі розгалас у Беларусі выклікаў інцыдэнт, які здарыўся на пачатку сакавіка на Слуцкай шашы пад Менскам. Каб затрымаць нецьвярозага кіроўцу, які не рэагаваў на каманды міліцыі, інспэктары ДАІ стварылі з прыватных аўтамабіляў “жывы шчыт”. Пры гэтым вадзіцелям і пасажырам, сярод якіх была трохгадовая дзяўчынка, міліцыянты загадалі заставацца ў аўтамабілях. Цяпер пацярпелыя патрабуюць прыцягнуць інспэктараў ДАІ да крымінальнай адказнасьці.

На гэтую сытуацыю адрэагаваў у сваім лісьце Сяргей Жаўнерка зь Менску:

“Выпадак настолькі абсурдны, што спачатку я нават не паверыў у яго праўдзівасьць. Міліцыя, якая мае ў сваім распараджэньні новыя сучасныя аўтамабілі, верталёты, зброю, сродкі сувязі, разнастайныя прыстасаваньні з шыпамі, ня можа на працягу соцень кілямэтраў затрымаць нейкі задрыпаны дваццацігадовы “Фальксваген-Гольф”. І яны не знайшлі нічога лепшага, як падставіць пад удар жыцьці і маёмасьць ні ў чым не вінаватых людзей. Што гэта за спэцыялісты служаць у нас у міліцыі? Слухаў па “Свабодзе” іхныя апраўданьні. Гучала ўсё сьмешна. Маўляў, яны не пасьпявалі разгарнуць шыпаваную стужку, гэта было для іх небясьпечна. А трохгадовая дзяўчынка пасярод дарогі, падстаўленая пад колы злачынцы — была ў бясьпецы?

На дарозе іх заўсёды — процьма. Стаяць ледзь не пад кожным кустом, наставіўшы радары, а лавіць злачынцаў ня ўмеюць. Ледзь крыху перавысіў хуткасьць — драконаўскі штраф. Гэта яны дамагліся таго, што цяпер маюць права адбіраць вадзіцельскае пасьведчаньне за любую дробязь. А ў сытуацыі, калі трэба спыніць злачынцу, яны — бездапаможныя. Каго мы ўтрымліваем на свае падаткі?”

Гэтая гісторыя ўразіла і абурыла вельмі многіх людзей у Беларусі. Адметна, што амаль два тыдні пра яе нічога не было вядома: міліцыя яўна імкнулася схаваць інцыдэнт ад грамадзкасьці. А калі ўтаіць не ўдалося, пачалі гучаць няўцямныя апраўданьні: маўляў, вадзіцелі проста ня так зразумелі міліцыянтаў, ніхто машыны не затрымліваў і ў жывы шчыт не выстройваў.

Гэты інцыдэнт здольны істотна паўплываць і на прэстыж міліцыі, і на папулярнасьць улады. Высокапастаўленыя чыноўнікі гэта адчулі. Празь некалькі дзён, пасьля непераканаўчых апраўданьняў, яны ўсё ж прызналі сваю віну. Шэраг службовых асобаў былі пакараны вымовамі. Хоць вымова — наўрад ці адэкватнае пакараньне ў гэтым выпадку.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG