Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода, заснавальнік і каардынатар сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” Аляксандар Лукашук – пра адметнасьць кнігі мэмуараў Івонкі Сурвілы.


Аляксандар Лукашук: "Дарога" Івонкі Сурвілы -- гэта першая кніга аднаго аўтара ўспамінаў у сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. Гадоў пяць таму мы пачалі цыкль перадачаў у эфіры, які называўся "Сучасныя мэмуары". Мы зьвярталіся з адмысловай просьбай
да вядомых пісьменьнікаў, літаратараў, мастакоў, грамадзкіх дзеячоў, настаўнікаў напісаць свае ўспаміны, сваё бачаньне самых істотных, галоўных падзеяў 20-га стагодзьдзя, асабліва апошняй ягонай часткі, таго часу, які папярэднічаў аднаўленьню незалежнасьці і гадоў незалежнасьці.

І вось жа некалькі гадоў у эфіры гучалі гэтыя перадачы. Цяпер у сэрыі "Бібліятэка Свабоды" выходзяць у кніжным выглядзе вось гэтыя ўспаміны. Адрозьненьне іх ад эфіру, па-першае, у тым, што яны значна дапрацаваныя, значна ўдакладненыя. І іх арганізацыя зусім іншая.

У пэўным сэнсе гэта, можна сказаць, постмадэрнісцкая кніга. Разьдзелы ў ёй часам складаюцца з аднаго сказу. Яна ўся падзеленая на невялічкія кавалкі, і яе можна чытаць з любога месца. Яшчэ адна адметнасьць гэтай кнігі -- гэта вельмі шырокае прыцягненьне ілюстрацыяў. Рэдактар кнігі Сяргей Навумчык адмыслова езьдзіў нават у Парыж, дзе жыла сям'я Івонкі Сурвілы, і дзе зараз жыве ейны брат Лявон Шыманец, каб зрабіць копіі, сканаваць многія ўнікальныя фотаздымкі, якія захоўваюцца ў сямейных альбомах.

Я думаю, што многім чытачам спадабаюцца гэтыя здымкі. Яны вельмі красамоўныя, асабліва той, які адкрывае кнігу -- на ёй маладая Івонка Сурвіла ўсьміхаецца за кактэйлем на вуліцы Парыжа ў парыскім кафэ”.


Прэзэнтацыя чатырнаццатай кнігі з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” -- у панядзелак, 17 сакавіка а 18 гадзіне ў сядзібе Партыі БНФ. Менск, вул. Варвашэні, 8.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG