Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўразьвязаўцы паціху удасканальваюцца. Шчыруе ня толькі Апостальская Пэнітэнцыярыя. 27 лютага 2008 г. Канстытуцыйны суд Нямеччыны павялічыў сьпіс асноўных канстутыцыйных правоў грамадзянаў яшчэ на адну рэестравую адзінку. За час існаваньня ФРГ гэта другі прэцэдэнт. Першы раз КС пашырыў сьпіс базавых правоў грамадзянаў у 1983 г. у выніку дыскусіяў падчас перапісу насельніцтва, зацьвердзіўшы “Канстытуцыйнае права на інфармацыйнае самавызначэньне” (Grundrecht auf informationelle Selbstbestimmung), якое пацьвярждала права кожнага немца сувэрэнна вырашаць пытаньне публічнага паведамленьня інфармацыі пра сваю асобу. Новае Канстытуцыйнае права ад 27 лютага, якое коратка называюць “Кампутарнае права”, мае доўгую і трошкі завілую назву – “Канстытуцыйнае права на забесьпячэньне канфідэнцыйнасьці і недатыкальнасьці інфармацыйна-тэхнічных сыстэмаў” (Grundrecht auf Gewährleistung der Vertraulichkeit und Integrität informationtechnischer Systeme”).

Больш як на 100 старонках рабочага тлумачэньня-прэамбулы выкладаецца актуальнасьць і мэтазгоднасьць прыняцьця такога права, якое паводле сэнсу не імплікуецца ў артыкулах 10 і 13 Асноўнага закону ФРГ, дзе гарантуецца права на таямніцу перапіскі, тэлекамунікацыяў і недатыкальнасьці жытла. Новае права “кантралюе кантралёраў”, ставіць заслону “фэдэральным траянцам”, -- так інтэрнэткарыстальнікі называюць спэцслужбы, якія рознымі хітрыкамі сочаць за онлайн-інфармацыяй грамадзянаў у межах Інтэрнэту. Паводле сьцьверджаньняў журналістаў у ФРГ спэцслужбы карысталіся – часам і без дазволу наглядальных органаў – афіцыйнымі дзяржаўнымі сайтамі, запускаючы туды сваіх “чарвякоў”. Той, хто аднойчы “клікнуў” інфармацыю з такога сайту, ужо запускае ў сваю сыстэму “наглядальніка-траянца”, які дасылае потым “куды трэба” онлайн-інфармацыю карыстальніка. Ёсьць меркаваньні, што для гарантаванага пранікненьня ў онлайн-трэзоры фэдэральная выведка вэрбавала калі-некалі інтэрнэт-партнэраў падазраваных асобаў, каб закінуць у карэспандэнцыю першых сваіх “траянцаў”.

“Фэдэральным траянцам” называюць праграму (афіц. Remote Forensic Software), якая выкарыстоўваецца для сакрэтнага назіраньня за онлайн-інфармацыяй. Праграма ўводзіцца як вірус у кампутар і перадае дадзеныя ў пэўныя установы. Тэарэтычна праграма дае магчымасць чытаць і капіяваць інфармацыю зь цьвёрдага дыску, у тым ліку здымкі і гук, калі мікрафон і лічбавая камэра злучаныя з працэсарам. Праграма запісвае таксама інфармацыю з клявіятуры пры дапамозе keylogger’a. Спэцыялісты з Фэдэральнай службы выведкі неафіцыйна сьцьвярждаюць, што яны могуць лёгка пераадолець антывірусныя заслоны пры дапамозе сваёй Anti-Firewall-праграмы. Ёсьць падазрэньні, што спэцслужбы “уманціраваліся” і ў аддзелы фірмаў, якія ствараюць антывірусныя праграмы.

Штуршком для прыняцьця рашэньня КС пра кампутарнае права грамадзянаў стала актыўнасьць фэдэральнага міністра ўнутраных справаў сп. Шойбле і МУС зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія на чале зь міністрам Вольфам, якія былі прыхільнікамі новага праекту закону, што павінны быў даць надзвычай шырокія правы спэцслужбам у барацьбе з тэрарызмам. Традыцыйна законапаслухмяныя грамадзяне ФРГ надзвычай крытычна паставіліся да магчымага ўціску права асабістай інфармацыйнай недатыкальнасьці. Захаваньне “права сучаснага інфармацыйнага сувэрэнітэту асобы” нават пераважыла крытычныя адносіны да нядобрасумленных падаткаплатнікаў. Паводле штотыднёвіка Euro am Sonntag (сумесны выпуск з The Wall Street Journal за 2. 03. 2008 г.) толькі 46% немцаў падтрымалі юрыдычна некарэктныя дзеяньні фэдэральных спэцслужбаў – у тым ліку і кампутарныя маніпуляцыі – для вяртаньня мільярдных сумаў падаткаў, схаваных у люксэмбурскіх банках. 56% грамадзянаў палічылі наступ на таямніцу банкаўскай інфармацыі больш небясьпечным для грамадзства і дзяржавы, чым страта няхай сабе і велізарных грошай.

Паводле сфармуляванага канстытуцыйнага кампутарнага права спэцслужбы маюць права атрымаць доступ да онлайн-інфармацыі грамадзяніна толькі ў выключных выпадках паводле рашэньня суду. Ніякія агульныя фармулёўкі небясьпекі грамадзству і асобам кшталту памкненьняў сачыць за дэструктыўнымі сэктамі, партыямі, групоўкамі і да т. п. прымацца да ўвагі судамі ня будуць. Нагодай для прыняцьця такога рашэньня можа стаць толькі наяўнасьць неабвержных канкрэтных фактаў падрыхтоўкі тэрарыстычнага акту, які пагражае фізічным асобам або грамадзкаму аб’екту. Усе дзеяньні спэцслужбаў павінны быць праведзеныя пад кантролем судзьдзі. Пры гэтым уся атрыманая “спадарожная” інфармацыя пра фізічную асобу павінная быць неадкладна пагашаная ў прысутнасьці судовага прадстаўніка. Аналітыкі лічаць гэтае рашэньне КС ФРГ сэнсацыйным і беспрэцэдэнтным. Гэтае права – папярэджаньне спэцслужбам, за парушэньне якога яны павінныя будуць адказваць самым суровым чынам. Адпаведна ім прыдзецца удасканальваць сістэму выведкі і прафіляктыкі, не ўціскаючы канстытуцыйных правоў грамадзянаў. Адвакацкія канторы павінныя будуць рыхтаваць адпаведна спэцыялістаў, знаёмых з элемэнтамі кампутарнай тэхнікі ды інфармацыйнага забесьпячэньня.

Думаецца, што знаёмства з гэтай навацыяй ў грамадзкім жыцьці адной зь вядучых краінаў ЭЗ можа даць штуршок для роздуму нашым дзяржаўным і грамадзкім інстытутам, якія дачыняюцца да сфэры грамадзянскіх правоў. Напярэдадні 15 сакавіка – даты, якая афіцыйна лічыцца Днём Канстытуцыі – і прывядзеньня да прысягі новых членаў Канстытуцыйнага суду РБ усьлед за прэзідэнтам у нашых дзяржаўных мэдыях шмат гаварылася пра перагляд функцыяў КС, асабліва ў галіне нагляду за прымяненьнем і выкананьнем законаў. У чаканьні зьяўленьня паправак да законаў, што рэгулююць існаваньне інфармацыйнага поля або прыняцьця асобнага закону пра Інтэрнэт беларускаму грамадзству ёсьць пра што паспрачацца і падумаць. На шэсьці, прысьвечаным 90-м угодкам БНР, можна было б несьці лёзунг-плякат з патрабаваньнем “Беларусі – канстытуцыйнае кампутарнае права як у ФРГ!” або “Канстытуцыйных судзьдзяў на стажыроўку у Карлсруэ!”.

Хто з нас ня памятае, як да кампутарных рэсурсаў “тэрарыстаў” з незарэгістраванага “Маладога Фронту”, выбарчых ініцыятыўных групаў, партыйных офісаў і да т. п. дабіраліся цэрбэры разнамаснага фармату, нярэдка адмаўляючыся прэзэнтаваць сваю прынадлежнасьць да пэўнай ахоўнай структуры ці ўвогуле ня маючы дазволу на вышуковыя кантрольныя апэрацыі, а толькі кіруючыся агульнай устаноўкай пра “здаровыя канструктыўныя” і “шкодныя дэструктыўныя” сілы грамадзства.

Дарэчы, учора ўвечары 15 сакавіка пачуў з расейскіх выніковых тэленавінаў вытрымкі зь першага публічнага выступу новага прэзідэнта РФ М сп. Мядзьведзева. Ён паміж іншым дакляраваў шырокае супрацоўніцтва з “усімі здаровымі сіламі грамадзства”. Значыць, у мядзьведзеўска-пуцінскай Расеі нязгодныя будуць, як і раней, насіць таўро нездаровых. Да болю знаёмая рыторыка…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG