Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоў: мітынг і шэсьце на Дзень Волі забаранілі


Шклоўскі райвыканкам не дазволіў групе грамадзянаў правесьці ў Шклове ўрачыстыя шэсьце й мітынг, прымеркаваныя да дзевяностых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.


Райвыканкам абгрунтаваў адмову тым, што ў заяўцы не названая мэта правядзеньня публічных мерапрыемстваў ды адсутнічаюць пісьмовыя гарантыі аплаты расходаў на забесьпячэньне грамадзкага парадку, мэдычнага абслугоўваньня й прыборкі тэрыторыі.

Адказ падпісаў намесьнік старшыні райвыканкаму Мікалай Бялінскі.

Адзін з заяўнікаў мерапрыемстваў, старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў адказ з райвыканкаму назваў фармальнай адпіскай.

“Шклоўская ўладная вэртыкаль дзеля таго й існуе, каб у Шклове ўсё было спакойна як на могілках. Чыноўнікі як пагрозу для свайго спакою разглядаюць любыя праявы грамадзкай актыўнасьці. Ад 1996 году ў Шклове мерапрыемстваў, ініцыяваных грамадзянамі, не было. Пікеты, мітынгі ды шэсьці забараняюцца”, сказаў “Свабодзе” Рыгор Кастусёў.

Мітынг і шэсьце меліся адбыцца 23 сакавіка ў гарадзкім парку. Заяўнікі чакалі, што ў мерапрыемствах возьмуць удзел каля дваццаці чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG