Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Кацора: “Перад Днём Волі за мною ўсталявана назіраньне”


Учора позна ўвечары супрацоўнікі Гомельскай абласной дзяржаўтаінспэкцыі затрымалі вядомага ў горадзе палітыка й грамадзкага актывіста Уладзімера Кацору.


Ён апавёў:

“Калі я вяртаўся зь Менску, мяне затрымала ДАІ. Яны правяралі, што я вязу. Ва ўсякім разе такія пытаньні былі. Я ім паказаў салон аўтамашыны й багажнік. Яны былі загружаныя камянямі, якія я сабраў, каб завезьці на лецішча. Прымусілі ехаць у Гомельскі сельскі райаддзел міліцыі, дзе яго супрацоўнікі разгрузілі камяні, а пасьля зноў загрузілі ў машыну. Нічога не знайшлі, пра што й склалі адпаведную паперу”.

Спадар Кацора мяркуе, што ўчорашняе вечаровае затрыманьне зусім ня выпадковае:

“Напярэдадні 25 сакавіка, Дня волі, мяркую, усталявана і вонкавае назіраньне за мною, за маёй машынай, і, можа, нейкае іншае, электроннае суправаджэньне. Факт застаецца фактам”.

У апошнія два гады акурат перад важнымі палітычнымі падзеямі супраць спадара Кацоры ахоўнікі пяць разоў учынялі правакацыі – абвінавачвалі ў брыдкаслоўі, хуліганстве, складалі пратаколы і везьлі ў суд, які адпраўляў палітыка за краты. Агулам ён правёў у ізалятары амаль 40 сутак. Усе пяць разоў у няволі Кацора адмаўляўся ад ежы.

Як лічыць палітык, ахоўнікі напярэдадні сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР зноў распачалі прэвэнтыўныя меры супраць актывістаў.

“Хацеў бы зрабіць заяву. Калі напярэдадні 25 сакавіка супраць мяне зноў будзе ўчыненая правакацыя, то я аб’яўлю сухую галадоўку. У мяне проста няма іншых сродкаў, каб нешта супрацьпаставіць дзеяньням рэжыму, бараніць свае гонар і годнасьць”, – сказаў Уладзімер Кацора.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG