Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДАІ распараджаецца жыцьцямі й чужой маёмасьцю”


Што думаюць кіроўцы Гомеля пра гэтае здарэньне на шашы Менск – Мікашэвічы?


2 сакавіка блізу Менску адбылася аварыя. Каб спыніць п'янага кіроўцу, які рухаўся па трасе з хуткасьцю 180 км/г, інспэктары ДАІ перагарадзілі дарогу легкавымі аўтамабілямі, не высадзіўшы адтуль людзей і не папярэдзіўшы іх, дзеля чаго гэта робіцца.

Спадар: “Гэта наагул сваволя. Атрымліваецца, што “даішнікі” распараджаюцца жыцьцямі й чужой маёмасьцю. Я — прафэсіянал, ведаю, што такое хуткасьць, шмат аварый пабачыў. Я яшчэ зразумеў, калі б перагарадзілі трасу грузавымі машынамі — фурамі там. Кіроўцаў прыбраць і перагарадзіць, а легкавымі… У мяне проста няма слоў”.

Спадар: “Трэба было зброю прымяняць. У ДАІ ж інструкцыі ёсьць”.

Спадар: “Сто кілямэтраў п’яны кіроўца праехаў — і яны не маглі яго спыніць. Ніякіх мер не прынялі. Ёсьць жа спэцыяльныя стужкі-“вожыкі”. Трэба было з дапамогай іх спыніць машыну. Яны паставілі людзей пад небясьпеку”.

Спадар: “Што я буду казаць — у нас, у Гомелі, усё пакуль выдатна”.

Спадар: “Думаю, што гэта няправільна — чалавека падстаўляць”.

Спадар: “Кепска іх вучылі. Яны наагул абыякава ставяцца да кіроўцаў. Трэба было за горадам шыпы на дарозе пакласьці, а не рабіць шчыт з жывых людзей, ставіць іх пад небясьпеку”.

Спадар: “Паставілі пад удар, на пагібель. Замах на забойства! Ім шкада дзяржаўнай машыны, а людзкой — не шкада. Чалавек купіць яе — ён жа павінен быць застрахаваны. Во якая лёгіка!”

Спадарыня: “Ня мелі яны права ўсталёўваць “жывы шчыт”.

Спадар: “Пытаньне яшчэ не закрытае. Расьсьледаваньнем занялася пракуратура. Пазьней будзе ўсё ясна”.

Спадар: “Гэта няправільна з боку ахоўнікаў. Гэта ж бясьпека кіроўцаў! Няхай разьбіраецца пракуратура. Выганяць — не выганяць, але штосьці зь імі трэба рабіць. Павязана ўсё у ахоўных органах, як у павука ў павуціне”.
XS
SM
MD
LG