Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэйвід Крэймэр адказаў на пытаньні “Свабоды”.


Ці ўвялі Злучаныя Штаты новыя санкцыі адносна Беларусі, чаму пасол ЗША не адразу зьехала зь Беларусі пасьля рэкамэндацыі беларускага МЗС, наколькі ўзгодненая амэрыканская і эўрапейская палітыка адносна Беларусі?

Карэспандэнт: “Ці азначала тлумачэньне міністэрства фінансаў ЗША, зробленае 6 сакавіка 2008 году, пашырэньне санкцый адносна “Белнафтахіму”, уведзеных урадам ЗША 13 лістапада 2007 году?”

Крэймэр: “6 сакавіка казначэйства ЗША абнародавала тлумачэньне існуючых санкцый, і выглядае, што ўрад Беларусі ўспрыняў гэта, як дадатковыя санкцыі. Як хто на гэта глядзіць, я мяркую. Калі Беларусь хоча інтэрпрэтаваць гэта такім чынам, яна так і будзе гэта інтэрпрэтаваць.

Гэта не былі новаўведзенныя санкцыі, гэта было тлумачэньне тых санкцый, якія былі ўведзеныя раней.

Мэта гэтых санкцый – паказаць, што ЗША сур’ёзна ставяцца да свайго закліку да беларускіх уладаў вызваліць усіх палітычных вязьняў”.

Карэспандэнт: “Першай рэакцыяй прэсавага сакратара дзярждэпартамэнту Томаса Кэйсі была заява, што амбасадарка Ст’юарт, зразумела, пакіне Беларусь, калі беларускія ўлады ня хочуць яе бачыць. Потым ён заявіў, што пасол застанецца ў Беларусі, пакуль Вашынгтон будзе вывучаць сытуацыю, а 12 сакавіка спадарыня Ст’юарт заявіла, што ўсё ж паедзе ў Вашынгтон. Чым абумоўлена тое, што пасол ЗША пакінула Беларусь не адразу пасьля таго, як ёй гэта параілі беларускія ўлады?”

Крэймэр: “Калі ўрад Беларусі праінфармаваў нас пра сваё рашэньне, была ўжытая фармулёўка: "Мы настойліва рэкамэндуем, каб пасол Ст’юарт была выкліканая на кансультацыі ў Вашынгтон".

Яны таксама адклікалі свайго пасла, гэта цалкам было рашэньне беларускага боку. Мы зусім не вытуралі пасла Хваcтова, ён заўсёды быў пажаданай асобай у нас. Паміж намі былі шматлікія добразычлівыя гутаркі на працягу многіх гадоў.

Спачатку мы палічылі іх дэмарш рэкамэндацыяй, паколькі яны ўжылі такое слова. Мы не разглядалі іх як патрабаваньне ці ўльтыматум.

Але ў аўторак мы даведаліся, што яны мелі на ўвазе, што гэта быў фактычна ўльтыматум. Паслу Ст’юарт фактычна далі 24 гадзіны, каб паехаць у Вашынгтон па кансультацыі. У выпадку адмовы яна была б абвешчаная persona non grata.

І мы палічылі, што ня варта ствараць эскаляцыю канфлікту. Мы адклікалі яе на кансультацыі, каб прадухіліць вельмі драматычны крок, які беларускі бок мог бы зрабіць.

Мы спадзяемся, што і спадар Хвастоў, і спадарыня Ст’юарт вернуцца ў краіны знаходжаньня як мага хутчэй. Таксама мы маем надзею, што ўрад Беларусі вызваліць Аляксандра Казуліна як мага хутчэй, каб мы маглі распачаць канструктыўны дыялёг з гэтым урадам. Мы ня будзем весьці дыялёг з гэтай краінай, пакуль Казулін будзе заставацца ў турме. Але калі ён будзе вызвалены, і гэта мінімальная ўмова, то Злучаныя Штаты шчыра гатовыя распачаць дыялёг наконт пазытыўнага шляху наперад, каб былі далейшыя крокі на шляху лібэралізацыі ў Беларусі, у абмен за пазытыўны водгук з боку ЗША.

Я ведаю з маіх кансультацый з саюзьнікамі ў Эўразьвязе сёньня ў Брусэлі, што Эўразьвяз у выпадку вызваленьня Казуліна таксама будзе дзейнічаць такім жа чынам”.

Карэспандэнт: “У інтэрвію беларускаму агенцтву БелаПАН Вы заявілі, што мэтай увядзеньня санкцый адносна Беларусі было нежаданьне беларускіх уладаў вызваліць Аляксандра Казуліна. У студзені адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з паслом Нямеччыны Гэбхардам Вайсам, падчас якой, як паведамляецца, абмяркоўвалася праблема вызваленьня Казуліна. У лютым міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў правёў перамовы ў Бэрліне з кіраўніцтвам нямецкага МЗС. Наколькі ўзгодненыя высілкі па вызваленьні Казуліна паміж Вашынгтонам і Бэрлінам?”

Крэймэр: “Безумоўна, мы каардынавалі высілкі і кансультаваліся з усімі нашымі саюзьнікамі, у тым ліку і зь немцамі. І мы, і Эўразьвяз, і Нямеччына далі ясна зразумець, што рашэньне ехаць у Нямеччыну мусіла быць выключна асабістым рашэньнем спадара Казуліна. Не павінна была стварацца сытуацыя, у якой гэта было б для яго адзінай магчымасьцю выйсьці з турмы.

Пасол Хвастоў патлумачыў мне, што Казуліна выпусьцяць толькі пры той умове, што ён пагадзіцца на выгнаньне ў Нямеччыну. Я адказаў Хвастову, а пасол Ст’юарт патлумачыла сваім беларускім урадавым суразмоўцам у Менску, што такое вырашэньне праблемы непрымальнае. І мае нямецкія калегі тое самае гаварылі беларускім урадоўцам”.

Карэспандэнт: “У Беларусі распачатыя крымінальныя справы з палітычным матывам супраць Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. Ці надаюць Злучаныя Штаты ўвагу гэтым справам, ці будуць яны забытыя, калі, скажам, Аляксандар Казулін выйдзе на волю?”

Крэймэр: “На першае пытаньне я адкажу, што мы сочым за іх лёсам. Што да другога пытаньня – мы не забудзем пра іх. Злучаныя Штаты закраналі абедзьве гэтыя справы ў кантактах зь беларускімі ўладамі. Яны не фігуравалі ў першапачатковым сьпісе з 6 асобаў, якіх мы лічылі палітвязьнямі, складзеным разам з Эўразьвязам і рознымі праваабарончымі групамі ў Беларусі. Гэтыя дзьве справы важныя, мы сочым за імі вельмі пільна і вельмі ясна далі зразумець беларускім ўладам, што пасьля вызваленьня тых шасьцёх палітвязьняў іх камэры не павінны напаўняцца іншымі палітвязьнямі. Яны ці іншыя палітвязьні не павінны трапляць у турмы”.

Карэспандэнт: “Паводле нашай інфармацыі, МЗС Беларусі запатрабаваў скараціць пэрсанал амэрыканскага пасольства ў Менску. Як Вы можаце пракамэнтаваць гэтае паведамленьне?”

Крэймэр: “Мы ў працэсе высьвятленьня, якія яшчэ крокі зьбіраюцца зрабіць беларускія ўлады. Я спадзяюся, што ўрад Беларусі не зацікаўлены ў эскаляцыі напружаньня са Злучанымі Штатамі, бо гэта было б вялікай памылкай”.
  • 16x9 Image

    Багдан Андрусышын

    Багдан Андрусышын нарадзіўся ў 1958 годзе ў Ню-Ёрку. Ведамы ў Беларусі як сьпявак Данчык.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG