Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: адбыўся пікет за вызваленьне А.Казуліна


Актывісты пачалі зьбіраць подпісы людзей пад патрабаваньнем вызваліць Аляксандра Казуліна.


Без затрыманьняў міліцыянтамі грамадзкіх актывістаў прайшоў сёньня ў Берасьці пікет з патрабаваньнем вызваліць былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна.

Гэта была першая за два гады грамадзкая акцыя, якую ўлада дазволіла правесьці на стадыёне “Лякаматыў”. Арганізавалі пікет сябры БСДП (Грамада). Сярод удзельнікаў — сябры АГП, партыі БНФ, прадпрымальнікі.

Адзін з заяўнікаў пікету Валянцін Лазарэнкаў паведаміў “Свабодзе”:

“Мы ўпэўненыя ў тым, што 90-годзьдзе БНР Казулін сустрэне на волі. Мяркуем, што ўлада ня зможа яго ўтрымаць. Міжнародная супольнасьць ня дасьць адбыцца таму, што ўлада хацела б зрабіць. Сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) вырашыла, што ў розных месцах Беларусі нашы партыйцы будуць падаваць заяўкі на пікеты, і пікеты будуць працягвацца да таго часу, пакуль Казулін ня выйдзе з-за кратаў”.

Валянцін Лазарэнкаў таксама паведаміў, што сёньня на пікеце пачалі зьбіраць подпісы людзей пад патрабаваньнем вызваліць Аляксандра Казуліна.
XS
SM
MD
LG