Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка спадзяецца на піар


Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Менску з знаным брытанскім спэцыялістам у PR-індустрыі Тымаці Бэлам.


Мяркуецца, што Бэл атрымаў ад беларускага кіраўніка прапанову працаваць для паляпшэньня іміджу сучаснай Беларусі.

Лорд Тымаці Бэл лічыцца адным з найбольш прафэсійных піар-спэцыялістаў Вялікай Брытаніі. Доўгі час Бэл працаваў дарадцам брытанскай прэм’еркі Маргарэт Тэтчэр. Сярод ягоных нядаўніх кліентаў – расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, урад Саудаўскай Арабіі і колішні прэм’ер Тайлянду Таксін Шынаватра.

Наступным можа быць Аляксандар Лукашэнка. Сустракаючыся ў чацьвер з Бэлам у Менску, Лукашэнка заявіў, што ніводная краіна ў сучасным сьвеце ня можа абысьціся без прафэсійнай PR-падтрымкі.

“Вам будзе прыемна працаваць у Беларусі... Вы пераканаецеся, што Беларусь – эўрапейская дзяржава, і наш народ у гісторыі зрабіў вельмі шмат для Эўропы”, – сказаў Лукашэнка і запэўніў Бэла, што гатовы падаць яму любую інфармацыю аб Беларусі.

Яшчэ невядома, ці пагадзіўся брытанскі лорд працаваць на афіцыйны Менск. У офісе Бэла ў Брытаніі пакуль што ўстрымліваюцца ад камэнтароў.

Тымаці Бэл ачольвае цяпер кампанію “Chime Communications”. Яе асноўная сфэра дзейнасьці – піар-паслугі, маркетынг і рэкляма. “Я займаюся камунікацыяй, і мой бізнэс – прадстаўляць інфармацыю ў пераканаўчай манеры”, – гаворыць Бэл.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG