Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 14 сакавіка.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



У Беларусі 15 сакавіка дзяржаўнае сьвята — Дзень Канстытуцыі. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Віктар Буто, Менск: “Крыху пра рэальнае ці існуючае, я маю на ўвазе 14 гадавіну Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая адзначаецца 15 сакавіка. Ужо практычна ў любога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь дзяржава і яе ўлада могуць беспакарана адбіраць любыя канстытуцыйныя правы і свабоды. У іх армія і зброя, загады, пастановы, дамовы, кодэксы, законы, указы, дэкрэты. Гэта забясьпечвае несумленным генэралам і чыноўнікам зь іх падначаленымі магчымасьць зьдзяйсьняць любое антыканстытуцыйнае самаўладзьдзе і беззаконнасьць, як над асобнымі грамадзянамі, так і над многімі іх катэгорыямі. Такая беззаконнасьць была і ў савецкі час у Беларусі, і працягваецца ў Рэспубліцы Беларусь. Дзякуй”.

На шашы Менск — Слуцак п’яны кіроўца ўрэзаўся ў аўтамабілі, спыненыя супрацоўнікамі ДАІ. Пацярпелыя сьцьвярджаюць, што ім забаранілі збочыць і выйсьці з машын, што гэта было зроблена адмыслова. Слухачы працягваюць камэнтаваць падзею:

Цімафей Цыбулька: “Наконт бяздарных і нават злачынных дзеяньняў работнікаў ДАІ на Слуцкай шашы 2 сакавіка. Гэтыя, з дазволу сказаць, супрацоўнікі ня годныя быць ня толькі імі, але і называцца мужчынамі. Падставіць пад пагрозу сьмерці невінаватых людзей, у тым ліку і дзіця, а самім схавацца — гэта справа падлюкаў і нягоднікаў. Лічу, што патрэбна агучыць іх прозьвішчы. З павагай”.

Міхась Кавальчук, Бабруйск: “Паважаная рэдакцыя, я вельмі ўражаны ўчынкам супрацоўнікаў ДАІ горада Менску. Ня буду камэнтаваць гэтае недарэчнае здарэньне, гэтую злачынную дзейнасьць нашых афіцэраў ДАІ. Былых сяржантаў міліцыі павысілі ў званьні, далі лейтэнантаў, і на гэтым усё. Трэба вучыць іх выконваць свае абавязкі і паважаць людзей, клапаціцца пра іх здароўе. Гэтага яны не разумеюць, бо няма каму іх гэтаму вучыць. Ганьба нашым праваахоўным хлопцам і іх правадырам без цара ў галаве!”

Працягваем праграму камэнтарамі слухачоў да праграм Радыё Свабода і дзяржаўнага тэлебачаньня:

Уладзімер, Мазыр: “Добры дзень, Радыё Свабода!” На мінулым тыдні рэдактарам быў Франак Вячорка. Яго праграма была прысьвечана студэнтам. Адзін са “сьвядомых” з Акадэміі ў Горках абазваў вясковых студэнтаў “забітымі” і што зь імі нічога нельга арганізаваць. Малайцы хлопцы, яны ведаюць, адкуль расьце хлеб, і выконваюць сваё прызначэньне — вучыцца і прыносіць карысьць сваёй дзяржаве. А “сьвядомым” трэба зарабіць сваёй працай хоць адзін рубель, пасталець, а потым лезьці ў палітыку”.

Спадар: “Па тэлевізары паказалі, як наш вялікі Лукашэнка сустракаецца з прадпрымальнікамі з Ангельшчыны. Выступае ён і зноў кажа, што наш народ беларускі харошы, зь ім можна жыць і гэтак далей. Народ нармальны! Няхай на сябе паглядзіць. Пра яго ж гаворка! Пра тое, што ён так сябе паводзіць. Акрамя “кайданкі,” “у турму” і “канфіскацыя”, у яго словаў няма”.

На заканчэньне — віншаваньне слухача да ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі:

Мікалай Куксо: “У газэце “Наша слова” пабачыў фотаздымак помніка заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі, які пастаўлены ў горадзе Старыя Дарогі на сядзібе-музэі Анатоля Белага. З гэтай нагоды ад шчырага сэрца хачу падзякаваць Анатолю Беламу і ўсім стваральнікам такога дарагога падарунка беларускаму народу да дня нашага найвялікшага сьвята — абвяшчэньня незалежнасьці і пачатку дзяржаўнасьці Беларусі з 25 сакавіка 1918 году. Жыве Беларусь! Са сьвятам!”
XS
SM
MD
LG