Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН накіравала ліст Генэральнаму сакратару гэтай арганізацыі Пан Гі Муну.


Яно просіць распаўсюдзіць у якасьці афіцыйнага дакумэнту Генэральнай Асамблеі ААН заяву Міністэрства замежных справаў Беларусі. Гэты дакумэнт тычыцца ўвядзеньня Злучанымі Штатамі Амэрыкі дадатковых захадаў адносна канцэрну “Белнафтахім”.

Супрацоўнік прадстаўніцтва ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі тлумачыць: падобнае права мае любая краіна з тых, што ўваходзяць у ААН:

“Гэта час ад часу бывае. Любая краіна можа распаўсюдзіць свае прапановы ці патрабаваньні сярод дэлегатаў Генэральнай сэсіі. Гэта — тэхнічная, распаўсюджаная зьява, калі краіна хоча паведаміць дэлегатам, што нейкая справа мела месца. Але гэта ня будзе аўтаматычна выносіцца на паседжаньні камітэтаў ААН, не”.

Генадзь Бураўкін у свой час ачольваў сталае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку. Ён цьвердзіць, што такі дакумэнт звычайна ня цягне за сабою нейкіх сур’ёзных наступстваў:

“У прынцыпе, гэта ніякіх наступстваў мець ня можа. Гэта проста, скажам так, інфармацыя. Інфармацыя, якую прымаюць да ведама. Альбо ў некага можа ўзьнікнуць жаданьне паставіць пытаньне на абмеркаваньне.

Але, па вялікім рахунку, гэты дакумэнт можна разглядаць як прэсавы рэліз. Ясна, што, калі краіна прадстаўляе такі дакумэнт, дык яна лічыць неабходным давесьці гэта да ведама іншых. Але калі дакладна вызначаць статус гэтага дакумэнту, дык гэта нешта як прэсавы рэліз”.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі тлумачыць новыя захады афіцыйнага Менску піяраўскімі мэтамі:

“Зразумела, што заява беларускага МЗС не набудзе вялікага міжнароднага рэзанансу, бо яна “патоне” ў аанаўскай бюракратычнай працэдуры. Але яна дасьць магчымасьць тлумачыць беларускаму электарату, што ўся міжнародная супольнасьць заклапочаная тым, што ўсясьветны гегемон цісьне на маленькую гордую рэспубліку.

У зьвязку з гэтым хачу зьвярнуць увагу на тое, што ўчора беларускі прэзыдэнт сустракаўся з кіраўніком брытанскай піяраўскай агенцыі. І гэта вельмі сымптаматычна. Выглядае на тое, што, паколькі цяжка вырашаць рэальныя супярэчнасьці на міжнароднай арэне, дык кірунак узяты на тое, каб маляваць больш прывабную карцінку”.

Пасьля ўвядзеньня з боку ЗША эканамічных санкцыяў датычна дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім” беларускія ўлады адклікалі з Вашынгтону для кансультацыяў свайго амбасадара Міхаіла Хвастова. Празь некалькі дзён амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт таксама накіравалася для кансультацыяў у Вашынгтон.

XS
SM
MD
LG