Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці ўзмацніцца Беларусь на вайсковым рынку Індыі?


Вайсковыя дачыненьні паміж Беларусьсю і Індыяй маюць вялікі патэнцыял.


Пра гэта сёньня заявіў міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў, прымаючы дэлегацыю індыйскіх вайскоўцаў на чале з начальнікам генэральнага штабу Арміі Індыі Д.Капурам. Міністар падкрэсьліў, што “асноўнае разьвіцьцё двух вайсковых ведамстваў будзе грунтавацца на абмене досьведам па сыстэмах кіраваньня войскамі, аптычных сыстэмах, а таксама па мадэрнізацыі вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня”.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае: апошнім часам Беларусь на прыцягальным індыйскім рынку ўзбраеньняў складае рэальную канкурэнцыю Ізраілю, які займае тут моцныя пазыцыі. Беларускі бок хоча скарыстаць прыезд індыйскіх вайскоўцаў дзеля таго, каб яшчэ больш узмацніць свае пазыцыі.

“У афіцыйнай інфармацыі пра візыт індыйскіх вайскоўцаў адзначаецца, што яны наведаюць некаторыя беларускія прадпрыемствы, -- гаворыць Раман Якаўлеўскі. -- Можна з упэўненасьцю казаць, што гэта будзе вытворчае аб’яднаньне “Агат”, дзе вырабляюць аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня, і прадпрыемства “Пеленг”, дзе выпускаюць прыборы начнога бачаньня, а таксама элемэнты аптычнага абсталяваньня для космасу”.

“Індыйскі вайсковы рынак па-ранейшаму вельмі прывабны для Беларусі,-- працягвае спадар Якаўлеўскі, -- Невыпадкова, што падчас наведваньня Індыі Аляксандрам Лукашэнкам яго суправаджалі кіраўнікі многіх прадпрыемстваў, якія падначаленыя Дзяржаўнаму вайскова-прамысловаму камітэту”.
XS
SM
MD
LG