Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзіла ў хаце – дакажы, што дзіцё тваё!


Калі грамадзкіх радзільняў яшчэ не было і жанчыны нараджалі ў хаце, народная творчасьць назапасіла мноства прыкметаў і альгарытмаў паводзін для ўдзельнікаў працэсу нараджэньня. Прыкладам, пажадана было, каб парадзіху апроч бабкі-павітухі ніхто ня бачыў. У скрайнім выпадку, муж. У сучасных прыхільніц родаў у хаце прынцып іншы: каб пасьля зарэгістраваць народжанае дзіця, могуць спатрэбіцца сьведкі.


На Захадзе радзільні ёсьць на любы густ. Ёсьць клінікі, дзе практыкуюць “натуральныя” роды. Пад пільным даглядам мэдыкаў жанчына нараджае тады і гэтак, як дыктуе яе арганізм. Родаў не прысьпешваюць і не абязбольваюць.

Ёсьць клінікі, дзе нараджаюць у вадзе. Лічыцца, што тады дзіцё ад нараджэньня мае лепшы дыхальны апарат і не баіцца вады.

У Беларусі да гэткіх прагрэсіўных мэтодык ставяцца насьцярожана.

Але тое-сёе зьяўляецца і ў нас. Прыкладам, у Аршанскім радзільным доме самы балючы этап родаў — схваткі — жанчына можа прайсьці ў вадзе.

“У схватках менш баліць, дый псыхалягічна жанчына зьмяншае стрэс, калі знаходзіцца ў цёпленькай вадзічцы ды мае магчымасьць паліваць сябе з душа. Потым ужо другі этап — патугі — 15-20 хвілін — і нараджаецца дзіця”, — распавядае Людміла Бірукова, намесьнік галоўнага ўрача па мэдычнай частцы.

Пакуль што вялікай папулярнасьці схваткі ў вадзе не займелі. Толькі шэсьць жанчын скарысталі новыя магчымасьці раддому са сьнежня мінулага году.

У сваёй хаце і сьцены дапамогуць?

А вось роды ў хатніх умовах карыстаюцца стабільнай цікавасьцю. Мая суразмоўца — акушэрка Мар’яна Горлач. Яна 14 гадоў практыкуе роды ў хатніх умовах. Паводле адукацыі — гінэколяг, сваіх дзяцей нараджала таксама ў хаце.

“Дзіцё не адлучаецца ад маці, адразу корміцца, атрымлівае малозіва, настройваецца на маму — і адпаведна няма праблем потым з грудным узгадаваньнем... Дзіцё лекуе маму — яно скарачае ёй матку, а значыць, у яе меней шанцаў займець пасьляродавы крывацёк. Мама пасьля родаў хутчэй рэабілітуецца. Эмацыйная сувязь паміж ёю і дзіцем усталёўваецца адразу”.

Спн. Мар’яна кажа, што роды ў хаце можна сабе дазволіць толькі тады, калі няма супрацьпаказаньняў фізычнага і псыхалягічнага кшталту:

”Захворваньні нырак, сэрца, гарманальнай сыстэмы, прадляжаньне пляцэнты, стрэсы, страхі... Калі баіцца родаў жанчына — ня варта нараджаць у хаце”...

Важна кіраваць арганізмам і настроем

36-гадовая Вольга Нартыш зь Менску рыхтуе цяжарных жанчын да спакойных і пасьпяховых родаў з дапамогай дыхальных, фізычных і псыхалягічных практыкаваньняў. Сыстэма базуецца ў асноўным на досьведзе ёгі. Мэта — навучыць жанчыну кіраваць сваім псыхалягічным станам, пазбавіцца страху, дапамагчы свайму арганізму і арганізму дзіцяці прайсьці праз роды хутка і без напружаньня. Спн. Вольга сама нарадзіла дваіх дзяцей у хаце і арыентуе на гэта сваіх вучаніц:

“Калі жанчына здаровая, калі гатовая да гэтага на ўсіх роўнях: духоўным, сьвядомым, калі яна добра хадзіла ўсю цяжарнасьць, калі разумее, што яна робіць і нашто, — то ў гэтым выпадку, я лічу, мінусаў практычна няма”.

Галоўны страх, які маюць жанчыны перад родамі ў хаце, паводле Вольгі, — страх сьмерці:

“Калі размова пра роды ў хаце, першае, што кажуць: а ці мала што? Насамрэч, калі роды ідуць, заўсёды зразумела, як яны праходзяць, — калі валодаеш інфармацыяй і разумееш, як і што. І заўсёды ёсьць час зьехаць у раддом”.

Даказаць, што дзіцё тваё

Дзіця, народжанае ў хаце, рэгіструюць паводле адмысловага альгарытму.

“У нас законна народжаным лічыцца дзіцё, народжанае ў раддоме. Таму атрымліваецца: трэба даказаць, што дзіцё — тваё. Праз суд. Трэба мець абменную картку, сьведкаў, заяву, суд гэта разглядае і дае заключэньне. І з гэтым ужо заключэньнем — у ЗАГС”, — дзеліцца досьведам Вольга.

Ёсьць і іншы варыянт — зьвярнуцца ў радзільнае аддзяленьне 3-й клінічнай бальніцы Менска.

“Калі жанчына прыехала да нас зь дзіцем і мы бачым пасьлед, — то мы канстатуем факт і выдаем даведку аб нараджэньні дзіцяці”...

І ўсё ж выбіраць паміж радзільняй і родамі ў хаце трэба вельмі ўважліва, прыслухоўваючыся і да свайго арганізму, і да мэдыкаў, — лічыць нэанатоляг Андрэй Вітушка:

“Ёсьць такая небясьпека, што калі ня ўсё пойдзе гладка, то да бальніцы можна не даехаць. Было пару выпадкаў у нашым аддзяленьні, што для дзіцяці ня вельмі добра ўсё гэта сканчалася”...

Камфорт родаў у хаце сапраўды станоўчы для дзіцяці, пацьвярджае Вітушка. Але раіць іх можна толькі зусім здаровым жанчынам. А такіх сёньня ў Беларусі, на вялікі жаль, мала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG