Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Карач: “Добрая палітыка нагадвае мне добрую літаратуру”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Вольга Карач.


Яна нарадзілася і жыве ў Віцебску. Скончыла школу з залатым мэдалём, а Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт з чырвоным дыплёмам. Была адзіным у 24-тым скліканьні дэмакратычным дэпутатам гарадзкога Савету. Пасьля звальненьня па палітычных матывах у 2004 годзе са школы нумар 27, дзе выкладала ангельскую мову, займаецца грамадзкай дзейнасьцю, журналістыкай, піша вершы. Сёньня Вольга Карач – былы школьны філёляг – дзеліцца са слухачамі Свабоды сваімі разважаньнямі пра тое, што лучыць літаратуру з палітычнай дзейнасьцю.

Карач: “І палітычная кампанія, і добры літаратурны твор павінны мець унутры сябе пэўную ідэю. Як няма яе – тады няма й посьпеху. Няма ўплыву на сэрцы і душы людзей.

Добрая палітычная кампанія і добры літаратурны твор мусяць узрушыць сэрцы і галовы людзей. Калі ўзрушаньня і руху наперад не відаць, няма ні палітыкі, ні літаратуры.

Кожная дэталь і ў першым, і ў другім выпадку павінна мець канкрэтны сэнс. Як распачынаенм нейкую палітычную кампанію, напрыклад, за вяртаньне льготаў для насельніцтва, то неразумна пачынаць з адной заявы, а заканчваць іншай. Трэба ведаць адразу, які вынік мы хочам атрымаць.

А мне падаецца, што часам людзі, якія плянуюць у Беларусі палітычныя кампаніі, менавіта пра якраз гэта забываць. Вынік можа быць розным, але яго трэба плянаваць ад самага пачатку.

І ў літаратуры, і ў палітыцы мусіць стаяць зусім пэўная праблема, якую людзі імкнуцца вырашыць. Мусіць быць інтрыга, каб зацікавіць ёю людзей. Той твор становіцца добрым, які прыцягвае ўвагу многіх. Калі палітычнай кампаніі бракуе масавасьці, нельга чакаць і посьпеху. Гэтаксама няма посьпеху, як кніжка не перадаецца з рук у рукі.

Чаму я згадваю пра гэта?

Вось я філёляг, настаўніца. Пяць гадоў вучылася – штудзіравала сапраўдную літаратуру, і зараз менавіта той літаратурны досьвед лёг у аснову плянаваньня і правядзеньня палітычных акцыяў нашай групай. І менавіта гэта забясьпечвае посьпех камандзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG