Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах рыхтуюцца да 90-х угодкаў БНР


Паштоўкі да 90-годзьдзя БНР

Паштоўкі да 90-годзьдзя БНР

Актывісты апазыцыйнага дэмакратычнага руху у Баранавічах сабралі больш за 300 подпісаў гараджанаў пад зваротам да мясцовых уладаў.


Яны просяць выдзеліць памяшканьне для сьвяткаваньня 90-угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў актавай залі Баранавіцкага гарвыканкаму.

Баранавіцкія актывісты спрабавалі дамовіцца пра арэнду залі ў гарадзкіх палацах культуры. Ім адмовілі, спасылаючыся на адсутнасьць дазволу гарвыканкаму. Тады і было вырашана зьвярнуцца непасрэдна да кіраўніцтва гарадзкой мэрыі, падмацаваўшы сваю заяву подпісамі 307 гараджанаў, кажа сябра руху “За Свабоду” Віктар Сырыца:

“Мы праводзілі ў будынку гарвыканкаму 75-угодкі БНР, гэта было пятнаццаць гадоў таму. 80-я – у палацы афіцэраў, 85-я – у палацы культуры тэкстыльшчыкаў. Таму спадзяемся, што і 90-угодкі БНР нам дадуць адзначыць па-людзку. Мы падрыхтавалі даклад, вынікі віктарыны, канцэрт. А калі не, то ў кожным разе будзем сьвяткаваць - выйдзем на вуліцу».

Паводле спадара Сырыцы, сябры дэмакратычнага руху таксама зьвярнуліся ў Цэнтральную бібліятэку Баранавічаў і да кіраўніцтва гарадзкой управы адукацыі пра выдзяленьне памяшканьняў для напісаньня агульнанацыянальнай дыктоўкі. Пазыцыю Баранавіцкага гарвыканкаму ў гэты пытаньнях камэнтуе намесьніца кіраўніка ідэалягічнага адзьдзелу Ларыса Антонава:

“Пытаньне яшчэ будзе вырашацца, яно яшчэ ў стадыі вырашэньня. І я зараньне нічога казаць не магу, бо гэта вырашаюць некалькі чалавек з розных адзьдзелаў. А сёньня ў мяне ёсьць іншыя даручэньні, якімі я займаюся”.

Да 90-годзьдзя БНР мастакі творчай суполкі “Пагоня” днямі выдалі некалькі сьвяточных паштовак. Грамадзкая арганізацыя «Бацькаўшчына» надрукавала насьценны каляндар. Іншыя аб'яднаньні зараз рыхтуюць да выданьня музычны альбом “Незалежны Я”. Да юбілею будзе завершаны паэтычны конкурс для маладых творцаў. Мноства імпрэзаў з розным посьпехам праходзяць у многіх гарадах краіны, кажа сябра аргкамітэту Алена Макоўская:

“Недзе на дзіва з дапамогай мясцовых актывістаў атрымоўваецца арэндаваць нават палацы культуры. Недзе гэтыя імпрэзы адбываюцца амаль у кватэрных умовах. Вельмі па-рознаму бывае. Некаторыя імпрэзы, якія ладзяцца з нашай дапамогай, мы ня можам рэклямаваць, ня можам падаваць іх у абвестках. Мы проста маўчым, што гэтая імпрэза зладжаная з нашай дапамогай”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG